Дабрачынная акцыя музейшчыкаў і вайскоўцаў

Напярэдадні восеньскіх Дзядоў, калі мы павінны па традыцыі пакланіцца нашым продкам, прыбраць месцы пахавання тых, каго сёння ўжо няма з намі, па ініцыятыве супрацоўнікаў Краязнаўчага музея служачыя в/ч 5530 здзейснілі дабрачынную акцыю па ўпарадкаванні гарадскіх могілак, дзе пахаваны Ганаровыя палачане. Дзякуючы падтрымцы каманднага складу часці, салдаты спачатку пазнаёміліся з жыццём некаторых Ганаровых палачан, а потым заняліся навядзеннем парадку. Першым прыпынкам былі Лясныя могілкі, дзе пахаваны ганаровы салдат 1-й патрульнай роты в/ч 5530, Герой Савецкага Саюза, Сцяпан Апанасавіч Пашкевіч. Там жа вайскоўцы наведалі магілы ўрача Г.М. Лебедзевай, упраўляючага трэста №22 В.А. Кляймёнава, дырэктара Полацкага шклозавода Л.І. Грыгор’евай, выкладчыка педвучылішча і самадзейнага кампазітара М.М. Пятрэнкі. Большасць магіл знаходзілася ў парадку, таму другім прыпынкам сталі Чырвоныя могілкі, дзе пахавана каля 10 Ганаровых палачан, многія з якіх памёрлі яшчэ ў 1970-1980-я гг.
І калі на пачатку акцыі для многіх удзельнікаў імёны Ганаровых палачан былі нечым далёкім і незнаёмым, то ўжо пакідаючы апошнія могілкі, вайскоўцы ведалі, як жылі і працавалі тыя людзі, якія сталі гонарам нашай полацкай зямлі, прыкладам самаадданай працы на карысць іншых, і памяць пра якіх патрэбна тым, хто жыве сёння.

560