«Кола дзён». Выстава календароў з фондаў НПГКМЗ


Што такое каляндар? Тоўстая кніжка, кожны лісток якой азначае адзін з дзён года? Альбо прыгожы плакат з лічбамі? Альбо каменныя слупы з выбітымі на іх датамі ўсходу зорак і свяціл, як гэта было ў Старажытнай Грэцыі?
Календары могуць быць самымі рознымі, але галоўнае, што іх аб'ядноўвае, гэта магчымасць разлічваць па іх час на доўгія гады наперад.

Само слова каляндар паходзіць ад лац. сalendarium – пазыковая кніга. У ёй пазначаліся 1-я дні кожнага месяца – так званыя «календы» – калі рымляне, якія мелі даўгі, павінны былі плаціць па іх працэнты.

У наш час каляндар – гэта выданне ў выглядзе табліцы або кніжкі, у якіх змешчаны пералік месяцаў года, дзён тыдня, святы, астранамічныя, гістарычныя, статыстычныя і іншыя звесткі.

Некаторыя каляндарныя звесткі сустракаліся яшчэ ў рукапісных кнігах. Каляндар як друкаванае выданне мае вельмі доўгую і цікавую гісторыю. Але самыя разнастайныя і прыгожыя календары выдаюцца ў Беларусі ў наш час. Яны могуць быць перакідныя і адрыўныя, настольныя, насценныя ці кішэнныя, рознай тэматыкі і самай рознай формы, – вы ўбачыце іх на выставе «Кола дзён» у Музеі беларускага кнігадрукавання.

233