Выстаўка «Лепшыя кнігі Беларусі»


З 1 верасня ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачынае працу выстаўка «Лепшыя кнігі Беларусі», на якой будуць прадстаўлены выданні - лаўрэаты LIІІ Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі–2014».

Выстаўка з'яўляецца для Музея беларускага кнігадрукавання традыцыйнай, паколькі ўжо на працягу амаль дваццаці пяці гадоў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь штогод перадае музею калекцыю выданняў, якія сталі лаўрэатамі Нацыянальнага (да 2007 года – Рэспубліканскага) конкурсу «Мастацтва кнігі».

На выстаўцы можна будзе пабачыць «Святое Евангеліе изъ града Полотьска», якое атрымала вышэйшую ўзнагароду конкурсу - Дыплом імя Францыска Скарыны (гэтая ж выданне было уганаравана дыпломам І ступені ў намінацыі «Садружнасць» Х Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў-удзельніц СНД). А таксама не менш цікавыя кнігі «Книжная культура. Ветка» з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» (дыплом пераможцы ў намінацыі «Духоўнасць») і «Слуцкія паясы» (дыплом пераможцы ў намінацыі «За ўклад ў захаванне духоўнай спадчыны»), «Энциклопедия белорусского хоккея» (дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Залатыя скрыжалі») і «Belarus. A little book about a great country. Маленькая книга про большую страну Беларусь» (дыплом І ступені ў намінацыі «Фотапогляд») і многія іншыя. Шмат падручнікаў і дзіцячых кніжак, сярод якіх «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by» Наталлі Бучынскай (дыплом пераможцы ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём»).

Выстаўка размяшчаецца на другім паверсе музея і з'яўляецца лагічным працягам пастаяннай экспазіцыі першага паверха, дзе наведвальнік знаёміцца з вытокамі ўзнікнення кнігі ў старажытнасці і гісторыяй беларускага кнігадрукавання. Такім чынам, яна дапамагае скласці цэласнае ўяўленне пра кніжную справу на Беларусі.

219