Музею беларускага кнігадрукавання - 25!

8 верасня 1990 года, падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння першага беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны, у Полацку адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў Музей беларускага кнігадрукавання, які стаў адным з самых папулярных музеяў Беларусі.

У гэтым годзе музею спаўняецца 25 гадоў. З гэтай нагоды 10 верасня пройдзе круглы стол «Кніжная спадчына ў музейным адлюстраванні», падчас якога музейшчыкі і навукоўцы абмяркуюць самыя розныя пытанні, звязаныя з кніжнай тэмай.

А яшчэ на верасень запланавана некалькі выстаў. Адна прыедзе да нас з Вялікага Ноўгарада. На ёй будуць прадстаўлены каштоўныя выданні XVI-XІХ стагоддзяў, звязаныя з беларускімі землямі.

Другая ж дасць магчымасць палачанам на працягу верасня ўбачыць сапраўдныя выданні Францыска Скарыны – «Кнігі Царстваў» і «Эклезіяст», – якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Акрамя таго, запланавана выстаўка «Лепшыя кнігі Беларусі», якая пазнаёміць усіх зацікаўленых з самымі прыгожымі беларускімі выданнямі – лаўрэатамі Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2014».
Сардэчна запрашаем!

593