«Выспа». Выстаўка габеленаў Таццяны Козік


4 чэрвеня у Мастацкай галерэі адбылося адкрыццё выстаўкі габеленаў Таццяны Козік пад назвай «Выспа». Выдатным упрыгажэннем мерапрыемства было выступленне фальклорнага гурта «Варган», які спяваў беларускія традыцыйныя песні. Удзельніцы гурта прадэманстравалі мадэлі адзення аўтарскага выканання. Па словах самой мастачкі, пранікнёны верш Алеся Аркуша яскрава перадае адну з галоўных ідэй выстаўкі:

птушка сімвалізуе душу чалавека:

Над лесам птушкі праляцелі.

Яны пасьпець кудысь хацелі.

У кожнай ёсьць душа і цела,

І цела за душой ляцела.

Выстаўка мае назву «Выспа», але для мастачкі слова «выспа» мае свой сэнс. Выспа - гэта кавалачак зямлі ў воднай прасторы. У кожнага чалавека яна свая - выспа. На выстаўцы прадстаўлены творы, выкананыя ў традыцыйнай тэхніцы габелену, а таксама аўтарскія прасторавыя кампазіцыі, у якіх мастачка злучае розныя матэрыялы: метал, шэрсць, лён. Таццяна Козік працуе ў галіне дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва (габелен, батык), жывапісу, акварэлі і дызайна жаночага адзення з лёну. Яна удзельніца міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх мастацкіх выставак. Для мастачкі ўласныя творы - гэта выраз пачуццяў, самавыяўленне і перадача ўнутранага светаадчування.

Выстаўка прадоўжыцца да 30 чэрвеня.

299