Выстаўка акварэлі Святланы Курашовай


У Полацку ўжо на працягу некалькіх арт-сезонаў праходзіць міжнародная біенале акварэлі «Вада+Фарба». Па выніках біенале, што ўжо прайшлі, мастакі, якія прымалі ў іх удзел, маюць магчымасць прадставіць свае работы на персанальных выстаўках. З 18 красавіка на працягу месяца ў сценах Мастацкай галерэі будзе праходзіць персанальная выстаўка Святланы Курашовай - вядомай гомельскай мастачкі. З дзвюма работамі мастачкі - «Анёл, які спяшаецца» і «Канец сезона» - у мінулым годзе наведвальнікі галерэі маглі пазнаёміцца на IV міжнароднай біенале акварэлі. У цяперашняй экспазіцыі Святлана Курашова прадставіла больш за 50 акварэльных работ. Святлана Курашова нарадзілася ў горадзе Асіповічы Магілёўскай вобласці. Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ім. С.М. Кірава, з'яўляецца сябрам Саюза мастакоў Беларусі (з 1990 г.), удзельніцай абласных, рэспубліканскіх, міжнародных выставак і пленэраў (з 1981 г.), актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю. Яе творы ўпрыгожваюць многія культурныя і лячэбныя ўстановы. С. Курашова працуе ў складзе творчага аб'яднання экалагічнага напрамку «МЭЯ» («Мастацтва, экалогія і я»), якое сумесна з мастакамі Германіі праводзіць па праграме ЮНЕСКА дабрачынную акцыю «Мастацтва ў бальніцы». У лячэбных установах Гомельскай вобласці і землях Германіі мастакі арганізоўваюць сумесныя выстаўкі. Ужо некалькі гадоў разам з Цэнтральнай гарадской бібліятэкай ім. А.І. Герцэна праводзяцца дабрачынныя акцыі ў сельскіх бальніцах Гомельскага раёна. У цяперашні час С. Курашова выкладае ў Гомельскім мастацкім вучылішчы. Святлана Курашова працуе ў тэхніцы акварэлі. У яе работах пераважаюць лірычныя матывы, сугучныя асабістаму светапогляду аўтара. Кожная яе акварэль зачароўвае гульнёй святла і колеру. Пераважаюць у нацюрмортах С. Курашовай кветкавыя матывы. У апошні перыяд мастачка звярнулася да тэматычных кампазіцый, якім надае асаблівы філасофскі сэнс. Творчасці С. Курашовай уласцівыя паэтычнасць, філасофскі погляд на рэчаіснасць, любаванне прыгажосцю прыродных з’яў, якія яна перадае з дапамогай лёгкасці акварэльнай тэхнікі. Работы Святланы Курашовай знаходзяцца ў Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г. Пранішнікава, Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Карціннай галерэі імя Г.Х. Вашчанкі, філіяле Талінскага мастацкага музея (г. Йыхві), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Германіі, Эстоніі, Фінляндіі, Італіі, ЗША, Францыі, Ізраіля і іншых краін. Выстаўка працуе з 18 красавіка па 17 мая 2014 года.

154