4-я міжнародная біенале акварэлі «Вада+Фарба»


У Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка працуе 4-я міжнародная біенале акварэлі «Вада+Фарба». Полацк працягвае знаёміць аматараў акварэльнага мастацтва з яго развіццём на беларускай зямлі. На гэты раз у выставе прынялі ўдзел 65 мастакоў з 8 краін: Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Італіі, Малазіі, Кітая і Беларусі. Яны падрыхтавалі работы на тэму «Акварэль як адлюстраванне рэчаіснасці». Папярэднія выставы дадзенага праекта адлюстроўвалі зрэз існуючай дадзенасці ў рабоце з акварэллю і захаваныя традыцыі гэтага мастацтва, якія ў асобных выпадках можна назваць нацыянальнымі школамі акварэльнага майстэрства. Разглядаючы сённяшнюю экспазіцыю, можна яе убачыць як старонку агульнай мастацкай прасторы, творчага ўзаемаразумення ў свеце мастацтва. Акварэль – гэта мастацтва, якое добра знаёма мастакам усіх відаў творчасці, ад графіка да скульптара, ад дызайнера да архітэктара. Сёння акварэль, без сумненняў, мастацтвазнаўцамі, музейшчыкамі і калекцыянерамі ўспрымаецца як самастойны від, нягледзячы на тое, што ў ХІХ стагоддзі яна прыцягвала толькі асобных жывапісцаў альбо служыла дапаможным матэрыялам і ўзгадвалася ў мастацтвазнаўчых артыкулах толькі між іншым, як мастацтва, якое не заслугоўвае асаблівай увагі. Сёння па-ранейшаму няма прафесійных секцый акварэльнага мастацтва пры Саюзах мастакоў, а існуюць творчыя аб'яднанні акварэлістаў, якія аб'ядноўваюцца і заяўляюць пра сябе. Беларуская акварэль стаіць паміж мастацтвам Усходу і Захаду. А паколькі ў кожнага мастака «сваё мастацтва», то яно з'яўляецца для яго самым «актуальным», здольным адлюстроўваць сучаснасць і адпавядаць духу часу. Акварэль закранае сур'ёзныя тэмы ў мастацтве, заваёўваючы эстэтычную прастору. Але любая традыцыя памірае, не ўпітваючы ў сябе свежыя ідэі. Думаю, што ў некаторых напрамкаў акварэльнага жывапісу ёсць усё для працягу наватарства ў духу культурнай традыцыі. У цэлым выстава напоўнена жаданнем захаваць і прадэманстраваць цуд гучання акварэльнага жывапісу і, нягледзячы на адасобленасць кожнага і розныя вынікі творчасці, - гэта значная з'ява ў культуры на мастацкай прасторы Беларусі. Таксама ў пастаянай экспазіцыі Мастацкай галерэі працуе выстава падараваных мастакамі, удзельнікамі біеннале акварэлі “Вада+Фарба”, акварэляў . На выставе, пад назвай “Сяброўства”прадстаўлены работы мастакоў з розных краін свету.

Чакаем Вас да 29 верасня, з 10.00 да 18.00, акрамя панядзелка.

169