Супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка здзейснілі невялікае падарожжа

30 чэрвеня 2009 года супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка здзейснілі невялікае падарожжа. Шлях наш ляжаў у Віцебск, дзе ў Мастацкім музеі адкрылася выстава карцін Ю.М. Пэна, прымеркаваная да 155-годдзя з дня нараджэння мастака. На дадзены момант музей валодае калекцыяй з 183 работ вядомага жывапісца і педагога, які больш за палову жыцця аддаў менавіта Віцебску. Творы, прадстаўленыя на выставе, былі нядаўна адрэстаўраваны, і зараз імі зноў могуць любавацца наведвальнікі музея. Дарэчы, пасля агляду залаў музея супрацоўнікі запаведніка наведалі і рэстаўрацыйную майстэрню.

А потым нас чакала сустрэча яшчэ з адным мастаком, лёс якога звязаны з ваколіцамі Віцебска, – І.Я. Рэпіным. У 2000 годзе была адноўлена яго сядзіба "Здраўнёва". Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй Музея-сядзібы, мы ўдосталь налюбаваліся маляўнічымі краявідамі.

І нельга пабываць у Віцебску і не ўзгадаць Марка Шагала, які праславіў гэты горад на ўвесь свет. Таму зазірнулі і ў музей, размешчаны ў доме, дзе калісьці жыў будучы знакаміты мастак.

2150