Экслібрысы з калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва


Калекцыя экслібрыса Музея сучаснага выяўленчага мастацтва стваралася да 15-годдзя з нагоды заснавання музея, дзякуючы данацыям мастакоў і калекцыянераў з розных краін. Сёння калекцыю экслібрыса музея складаюць больш за 1700 эстампаў падораных мастакамі і калекцыянерамі з 34 краін свету. Экслібрыс – (з лац. «ex libris» – з кніг) – кніжны знак, створаны для ідэнтыфікацыі ўладальніка кнігазбора. Сучасны экслібрыс перарос у паўнацэнную мініяцюру, амаль страціўшы сваю чыста прыкладную функцыю – быць “пашпартам” кнігі. Экслібрыс сёння – гэта аб’ект калекцыяніравання, абмену і экспанавання, мабільны від сучаснага мастацтва, які можа існаваць асобна ад кнігі і жыць сваім уласным жыццём. Экслібрыс дае магчымасць праз малыя формы азнаёміцца з тэндэнцыямі, якія адбываюцца ў сучаснай друкаванай графіцы розных краін, адсочваць усё самае цікавае і актуальнае. Менавіта з гэтай нагоды дадзеная галіна графічнага мастацтва набывае ўсё большую папулярнасць у колах калекцыянераў ва ўсім свеце. У розных краінах свету адбываюцца міжнародныя выстаўкі-конкурсы, прысвечаныя сучаснаму экслібрысу. На выстаўцы ў галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прадстаўлены 164 экслібрыса 25 мастакоў з 13 краін. Гледачы змогуць азнаёміцца з лепшымі ўзорамі музейнай калекцыі. Дадзены праект – спроба зрабіць рэтраспектыўны зрэз беларускага экслібрыса ў міжнародным кантэксце праз працы найбольш актыўных беларускіх графікаў-экслібрысістаў старэйшага і малодшага пакаленняў. Сярод іх Арлен Кашкурэвіч, Леў Алімаў, Генадзій Вяль, Уладзімір Правідохін (ХІН), Юрый Якавенка, Раман Сустаў, Тамара Шэлест, Таццяна Сіплевіч, Вольга Крупянкова, Уладзіслаў Квартальны, Яўгенія Цімашэнка, Ганна Ціханава. Гледачы маюць унікальную магчымасць суаднесці беларускі экслібрыс з працамі такіх вядомых майстроў у свеце экслібрыса як Войцех Лучак (Польшча), Эрхард Байтц (Германія), Іржы Бразда (Чэхія), Уладзімір Зуеў (Расія), Канстанцін Анцюхін (Украіна), Юліян Іарданоў, Весялін Дамянаў-Вес (Балгарыя), Марцін Байенс (Бельгія), Хасіп Пекташ (Турцыя), Рэма Гацці (Італія), Дэвід Махалаты (ЗША), Эстэбан Грымі (Аргентына), Аўшра Чапскітэ (Літва). Не залішнім будзе адзначыць, што ў калекцыю ўвайшлі экслібрысы мастакоў сусветна вядомых у галіне экслібрыса і друкаванай графікі, якія неаднаразова адзначаліся на міжнародных конкурсах. У гледачоў будзе магчымасць азнаёміцца з экслібрысамі не толькі розных краін, але і створанымі ў розных друкаваных тэхніках: ад традыцыйных гравюры на медзі, ксілаграфіі, лінагравюры, літаграфіі і афорта да інавацыйных з выкарыстоўваннем камп’ютарных тэхналогій і выхада ў аб’ём. Экспазіцыя зможа стаць сапраўдным адкрыццём для прафесіяналаў і аматараў сучаснага мастацтва графікі.

Ганна Ціханава, куратар праекта “Калекцыя экслібрыса”
212