«Размова з уласным ценем, або гульня з колерам…». Выстаўка жывапісу Уладзіміра Савіча.

У Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка з 28 снежня праходзіць выстаўка Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальніка дзясяткаў міжнародных прэмій і дыпломаў за лепшае афармленне кніг, ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў, старшыні Беларускага саюза мастакоў, прафесара Уладзіміра Пятровіча Савіча.
Уладзімір Савіч - выдатны беларускі графік, жывапісец, настаўнік і натхняльнік большасці маладых беларускіх мастакоў 1990-х. Творы яго шырока вядомыя і ў нашай краіне, і за яе межамі. Мастацкі стыль гэтага мастака выразны і адметны. Глядач адразу пазнае руку Уладзіміра Савіча па характэрных вобразах, створаных на аснове назірання за прыродай і, вядома, доўгіх мастакоўскіх пошукаў і разважанняў, па паэтычнай фантазіі, па цікавых выразных кампазіцыях, прыгажосці і ўпэўненасці малюнка і фарбавых суадносін.
Выстаўка ў Полацкай мастацкай галерэі прадстаўляе больш за 80 жывапісных твораў. Гэта найбольш вядомыя работы майстра, якія складаюць сёння гонар беларускага мастацтва. Трыццаць пяць гадоў крапатлiвай працы - тэрмін немалы ў жыццi творцы. Можна з упэўненасцю сказаць, што Уладзімір Савіч ужо трывала ўвайшоў у скарбніцу беларускай культуры. Яго творчасць вызначаецца асобай пазітыўнай энергетыкай і рэпрэзентуе ў сучасным мастацкiм працэсе тыя сiлы, якiя дапамагаюць чалавеку знаходзіць станоўчыя арыенцiры ў вiры драмы жыцця. Яго творы набываюць сiмволiка-метафарычнае гучанне і асаблівую калярова-пластычную вытанчанасць, што дасягаецца выкарыстаннем складанай камбiнаванай тэхнiкi, якую выкарыстоўвывае мастак - спалучэннем акварэлі, гуашы, тэмперы, акрыла, калажа.
Пазнаёміцца з творамі мастака ў залах Полацкай мастацкай галерэі можна будзе да 3 лютага 2013 года.

816