VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі»

1-3 лістапада 2012 г. у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку адбылася VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі», прысвечаная 1150-годдзю першага ўзгадвання Полацка ў летапісах. У гэтым годзе канферэнцыя праходзіла пры падтрымцы ЮНЕСКА. Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА на чале з яе старшынёй Шчасным У.Р. зрабіла ўсё магчымае для ўключэння юбілейнай даты першага ўзгадвання Полацка ў летапісах ў спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2012 год.

У канферэнцыі прынялі ўдзел 37 навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны. Гэта вядомыя спецыялісты ў галіне гісторыі (Латышонак А.Ю., Семянчук Г.М. і інш.); археалогіі (Іаанісян А.М., Тарасаў С.В., Дук Д.У. і інш.); мастацтвазнаўства (Сараб’янаў У.Дз., Ярашэвіч А.А. і інш.); музеязнаўства (Кепін Дз.У.); мовазнаўства (Ярмоленка Э.В.); гістарычнай інфарматыкі (Балыкіна А.М., Оськін А.Ф. і інш.). У выступленнях і дыскусіях былі прадстаўлены вынікі навуковых пошукаў і дасягненняў, напрацаваных за час, што прайшоў ад папярэдняй V канферэнцыі (2007г.). Тэматыка канферэнцыі ахоплівала разнастайны спектр пытанняў археалогіі, гісторыі, культуры і мастацтва Полацка і Полатчыны, яе суседзяў (больш падрабязна можна пазнаёміцца ў праграмме канферэнціі) . У бліжэйшы час па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка. Галоўным вынікам канферэнцыі, безумоўна, стане тое, што знаёмства з новымі старонкамі гісторыі Полацка абавязкова будзе садзейнічаць з’яўленню новых экспазіцый у музеях Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

648