Матэрыялы краязнаўчых канферэнцый - усім жадаючым

Адной з галін працы любога музея з’яўляецца асветніцкая дзейнасць. Навуковым супрацоўнікам неабходна валодаць звесткамі пра самыя апошнія знаходкі археолагаў, гісторыкаў, краязнаўцаў. У сваю чаргу і самі музейшчыкі ўвесь час знаходзяцца ў пошуку адказаў на шматлікія загадкі і пытанні, якія ставіць перад даследчыкамі больш чым тысячагадовая гісторыя Полацка. Абмен вопытам і новай інфармацыяй звычайна адбываецца на разнастайных канферэнцыях.

На базе Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ўжо колькі год праводзяцца розныя па накіраванасці навуковыя і справаздачныя канферэнцыі, семінары, круглыя сталы і г.д. Краязнаўчы музей як філіял НПГКМЗ выступае арганізатарам краязнаўчых канферэнцый, прымеркаваных да юбілею музея. Упершыню гісторыка-краязнаўчая канферэнцыя была арганізавана да 75-годдзя Полацкага краязнаўчага музея і праводзілася ў маі 2001 г. К сённяшняму дню Краязнаўчы музей на базе музея-запаведніка арганізаваў ужо 3 канферэнцыі, апошняя з якіх адбылася ў канцы снежня 2011 г. у гонар 85-годдзя Краязнаўчага музея ў г. Полацку ўжо як навукова-краязнаўчая.

У рабоце юбілейных канферэнцый прымаюць удзел вядомыя краязнаўцы Полаччыны і Віцебшчыны, навуковыя супрацоўнікі інстытутаў, універсітэтаў і музеяў Беларусі, настаўнікі школ, спецыялісты архіваў і бібліятэк. З кожным разам колькасць удзельнікаў значна павялічваецца. Тэматыка выступленняў ахоплівае разнастайны спектр пытанняў гісторыі і культуры Полаччыны ад часоў Полацкага княства і па сённяшні дзень. У дакладах прадстаўляюцца вынікі краязнаўчых пошукаў і дасягненняў за апошнія гады. На канферэнцыях абмяркоўваюцца пытанні супрацоўніцтва Краязнаўчага музея з навучальнымі ўстановамі горада і раёна, шляхі далейшага развіцця і ўдасканалення ўзаемадзеяння ўстаноў культуры і адукацыі. Цікавасць да канферэнцый з боку навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з'яўляецца доказам іх папулярнасці ў навуковым асяроддзі. Удзельнікі заўсёды адзначаюць неабходнасць і важнасць правядзення канферэнцый, іх уклад у развіццё краязнаўчай думкі ў рэгіёне, значнае павелічэнне інтарэса прафесійных гісторыкаў і краязнаўцаў-аматараў да гісторыі Полаччыны.

Матэрыялы канферэнцый выходзяць даволі абмежаваным тыражом. Аднак у час развіцця інфармацыйных тэхналогій кожны можа знайсці гэтыя рэдкія выданні ў электронным выглядзе на сайце Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ў раздзеле “Бібліятэка”: Матэрыялы гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 75-годдзя Полацкага краязнаўчага музея 18-19 мая 2001 г.) (http://polotsk.museum.by/node/24735), Матэрыялы гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 80-годдзя Полацкага краязнаўчага музея 22–23 лістапада 2006 г.) (http://polotsk.museum.by/node/24905), Матэрыялы навукова-краязнаўчай канферэнцыі да 85-годдзя Краязнаўчага музея ў г. Полацку (8-9 снежня 2011 г.) (http://polotsk.museum.by/node/25145).

420