Выстаўка "Касцярэзнае рамяство Полацка Х – ХVIII стст."


Са старажытных часоў людзі амаль паўсюдна апрацоўвалі косць і рог жывёл, выраблялі з іх разнастайныя рэчы, якія выкарыстоўвалі ў розных сферах жыццядзейнасці.
У Полацку апрацоўка косці спачатку была хатнім промыслам, а ў перыяд з Х да ХVІІІ стст. існавала як асобная галіна вытворчасці, найбольшы росквіт якой прыйшоўся на ХІІ – ХІІІ стст.
У музейным зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка захоўваецца значная колькасць прадметаў, якія звязаны з касцярэзным рамяством Х – ХVІІІ стст. У іх ліку сыравінны матэрыял і адыходы вытворчасці (абломкі і адпілы рагоў, касцей), нарыхтоўкі, бракаваныя рэчы і гатовыя вырабы. Яны выяўлены падчас археалагічных даследаванняў і земляных работ на тэрыторыі старажытнага горада. Дарэчы, у двары былога Полацкага езуіцкага калегіума знойдзены рэшткі дзвюх касцярэзных майстэрань, адна з якіх існавала ў першай палове ХІІІ, а другая – у перыяд першай паловы ХV - ХVІ стст. (раскопкі 2002-2003 гг. пад кіраўніцтвам Дука Д.У.).
Сярэднявечныя полацкія касцярэзы выкарыстоўвалі косткі хатняй і дзікай жывёлы (буйной рагатай жывёлы, хатняй свінні, іклы дзіка, мядзведзя, рогі лася і аленя), а таксама косці птушак і рыб. Гэта трывалы, эластычны і заўсёды даступны матэрыял.
Тэхнічныя прыёмы апрацоўкі косці блізкія да прыёмаў апрацоўкі дрэва. Прымяняліся піленне, расшчапленне, свярленне, рэзанне, шліфоўка, паліроўка.
Касцярэзы карысталіся разнастайным і, галоўным чынам, універсальным інструментам: сякерай, нажом, пілой, напільнікам, долатам, малатком, скобелем, рознымі свярдзёлкамі, цёсламі і такарным станком.
Асартымент вырабаў быў шматлікі і разнастайны і прызначаўся ў першую чаргу для задавальнення штодзённых патрэб мясцовага насельніцтва.
Па ўзроўню тэхнічнага выканання і якасці апрацоўкі рэчы значна адрозніваюцца. Выраб большасці з іх не патрабаваў вялікага тэхнічнага майстэрства, між іншым некаторыя прадметы выкананы з мастацкім густам і з’яўляюцца творамі дробнай пластыкі.
На выстаўцы прадстаўлены касцяныя прадметы ХІ – ХVІІІ стст, якія выяўлены падчас раскопак на тэрыторыі Полацка. Сярод іх ёсць прылады працы, прадметы побыту і культу, упрыгажэнні, зброя, цацкі і інш. Дадзеныя рэчы з’яўляюцца помнікамі матэрыяльнай культуры, своеасаблівымі сведкамі сваёй эпохі. Кожны прадмет здольны расказаць пра той ці іншы бок жыцця былых уладальнікаў і ўнесці свой уклад у вывучэнне гісторыі самага старажытнага на беларускай зямлі горада.

152