Конкурс юных экскурсаводаў Віцебшчыны

26-27 красавіка 2012 г. на базе Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка праходзіў заключны этап ІІІ абласнога конкурсу юных экскурсаводаў Віцебшчыны, у якім прынялі ўдзел 14 вучняў, што прайшлі папярэднія адборачныя туры.

Дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў падрыхтавалі некалькі творчых заданняў. У першы дзень працы канкурсанты прадстаўлялі праект “Музей у чамадане”, які заключаўся ў тым, што на суд журы былі вынесены звязныя тэматычныя экскурсіі, у аснову кожнай з якіх былі пакладзены толькі 7 экспанатаў са збораў школьных музеяў. Юнакі і дзяўчаты былі апрануты ў касцюмы 1940-х гг., часоў Айчыннай вайны 1812 г., рэканструяваную форму гусара і егера. Многія з каманд падрыхтавалі вельмі арыгінальныя праекты, напрыклад, “На прывале”, “Жанчына і вайна” і інш.

На другі дзень канкурсантаў сустракалі супрацоўнікі Краязнаўчага музея. У конкурсе “Экскурсійны экспромт” вучні спаборнічалі за званне лепшага экскурсавода па асобных музейных комплексах, якія кожны з канкурсантаў атрымаў падчас жараб’ёўкі. Амаль усе без выключэння паказалі добрае валоданне методыкай правядзення экскурсіі, уменне карыстацца дадатковай літаратурай, вольна размаўляць на беларускай мове. Журы было задаволена вынікамі правядзення конкурсу. Прыемна, што пераможцам у дадзеным творчым заданні стала вучаніца сш №14 г. Полацка Кацярына Саўчанка.

Для падвядзення вынікаў каманды сабраліся ў канферэнц-зале НПГКМЗ. Ганаровыя госці з абласнога Фонду Міру, Савета ветэранаў і клуба “Пошук”, прадстаўнікі Полацкага аддзела адукацыі, карэспандэнты газет і тэлебачання надалі закрыццю конкурсу асобую ўрачыстасць. Пераможцамі сярод 14 удзельнікаў сталі Аляксей Латыш з Пастаўскага раёна, Марына Рагацень з Глыбоцкага раёна і Леанід Аверчанка з Полацка (сш №1). Зусім мала да перамогі не хапіла самай юнай удзельніцы Аляксандры Гвоздзевай з Віцебскага раёна, якая стала лаўрэатам. Для ўсіх удзельнікаў супрацоўнікі музея-запаведніка падрыхтавалі памятныя і каштоўныя прызы, арганізавалі аглядныя і тэматычныя экскурсіі па музеях, тэрыторыі горада і раёна.

1002