Выстаўка «Свет дзяцінства» у рускім жывапісе XIX – пачатку XX стагоддзя са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь


31 сакавіка ў Мастацкай галерэі адкрылася выстаўка «Свет дзяцінства» са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі прадстаўлены 27 палотнаў, сярод якіх работы В. Пярова, В. Трапініна, І. Крамскога, У. Макоўскага і іншых выдатных рускіх жывапісцаў XIX – пачатку XX стагоддзя.

Тэматыка выставы - адлюстраванне чуллівых дзіцячых вобразаў мінулых часоў. Першыя выявы дзяцей у рускай культуры з'явіліся яшчэ ў эпоху сярэднявечча (у рамках рэлігійнага жывапісу). Дастаткова развітым быў дзіцячы партрэт у свецкім мастацтве XVIII стагоддзя. Аднак сапраўднае адкрыццё асобы дзіцяці, асаблівасцей яго псіхалогіі адбылося ў рускай культуры толькі ў першай палове ХІХ стагоддзя, у эпоху рамантызму. Менавіта тады дзяцінства стала ўспрымацца як лепшая пара ў жыцці чалавека, выдатная ўверцюра, якая канцэнтруе ў сабе максімум магчымасцяў. Мастакі, якія працавалі ў гэты час у жанры дзіцячага партрэту, імкнуліся да натуральнасці і разняволення ў трактоўцы вобразаў, з задавальненнем падкрэслівалі «дзіцячасць» у абліччы і паводзінах сваіх герояў (В. Трапінін «Партрэт хлопчыка», 1820-я; Ц. Неф «Партрэт хлопчыка», 1850-я). У гэты ж час, калі ў рускім грамадстве канчаткова склаўся культ сям'і і сямейных дабрачыннасцей, асабліва запатрабаваным у мастацтве стаў вобраз маці ў асяроддзі дзяцей (невядомы мастак сярэдзіны ХІХ стагоддзя «Сялянка з дзецьмі», 1850-я). Творы першай паловы ХІХ стагоддзя прыцягваюць гледача цеплынёй і лірызмам, сентыментальным прачытваннем тэмы дзяцінства. Мастакі таго часу бачылі рэчаіснасць ідалізавана і адыходзілі ад адлюстравання яе праблемных бакоў. Сітуацыя карэнным чынам змянілася ў другой палове ХІХ стагоддзя, калі ў рускім мастацтве зацвердзіўся рэалізм. Пад уплывам дэмакратычных тэндэнцый дзіцячая тэма ў мастацтве набыла сацыяльную афарбоўку.

У жывапісе мастакоў 60 – 80-х гадоў, якія зрушылі акцэнт у тэме партрэтнага жанру на бытавы, галоўнымі героямі сталі дзеці з самых бедных саслоўяў (У. Максімаў «Гульня дзяцей у дарослых», 1874; У. Макоўскі «Спатканне», 1882; К. Лемах «Гульня ў хованкі», 1879; «Сялянскія дзеці ў барскім доме» і інш.). Узнаўляючы самыя розныя жыццёвыя сітуацыі, мастакі-дэмакраты часта выкарыстоўвалі дзіцячы вобраз для ўзмацнення выкрывальніцкай сілы сваіх твораў (В. Пяроў «Гора вандроўнага катрыншчыка», 1869; невядомы мастак сярэдзіны ХІХ стагоддзя «Сірата» і інш.). Многія карціны эпохі рэалізму распавядалі пра горкае жыццё дзіцяці, вымушанага змагацца за сваё існаванне. «Строгі», па словах Івана Крамскога, час адбіўся і ў партрэтных вобразах. Творы І. Крамскога («Партрэт хлопчыка», 1878), А. Ланскога («Партрэт дзяўчынкі», 1875) прадстаўлялі не па гадах засяроджаных дзяцей. Іх удумлівасць і сур'ёзнасць выклікаюць у гледача не проста пачуццё натуральнай сімпатыі, але і глыбокую павагу да асобы. Іншы погляд на дзіця давалі творы салоннага мастацтва. Прытрымліваючыся канонаў позняга акадэмізму, Аляксей Харламаў у творы «Дзяўчынка з лялькай» (1891) не імкнуўся паглыбіцца ў дзіцячую псіхалогію, не засяроджваўся на партрэтнай характарыстыцы. Мастак, перш за ўсё, падкрэсліваў узроставую прывабнасць сваёй гераіні. Магчымасць супрацьпастаўлення розных пунктаў гледжання на асобу дзіцяці і тэму дзяцінства – галоўная вартасць выстаўкі «Свет дзяцінства» з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якая працягнецца да 6 чэрвеня.

255