Славутыя імёны Полацкай зямлі

У кастрычніку 2012 г. Полацк адзначыць 200 гадоў вызвалення ў Айчыннай вайне 1812 г. Падзеі той вайны паўплывалі на жыццё і традыцыі полацкіх кадэт, якія з’явіліся ў нашым горадзе праз 23 гады пасля яе заканчэння – у 1835 г. Тым больш, што некаторыя кіраўнікі, выкладчыкі і выхавацелі Полацкага кадэцкага корпуса самі былі ўдзельнікамі вайны з Напалеонам.

Музейна-педагагічны занятак “Славутыя імёны Полацкай зямлі”, які праходзіў з 20 па 23 сакавіка ў Краязнаўчым музеі, праз прызму біяграфій знакамітых выпускнікоў кадэцкага корпуса – В.Л. Кірпічова, Г.В. Аляхновіча і Р.І. Кандраценкі – пазнаёміў вучняў 3-х класаў школ і гімназій з навучаннем, выхаваннем і забавамі кадэт, якія вучыліся ў Полацку 100–150 гадоў назад. Завяршаліся заняткі праглядам фільма пра сучасных полацкіх кадэт, які зрабілі першыя навучэнцы адроджанага ў 2006 г. кадэцкага корпуса.

Лёсы славутых выпускнікоў кадэцкага корпуса і жыццё сучаснага кадэцкага вучылішча ўразілі маленькіх наведвальнікаў. У некаторых з іх, і ў хлопчыкаў, і ў дзяўчынак, з’явілася жаданне паступіць у вучылішча і паспрабаваць сябе ў ролі юных абаронцаў сваёй Айчыны.

1121