На практыцы ў музеі

На працягу 6 тыдняў навучэнцы Полацкага каледжа «ВДУ імя П.М. Машэрава» знаёміліся з працай навуковых супрацоўнікаў у музеях Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Тэхналагічная практыка для дзяўчат і хлопцаў, якія вырашылі стаць спецыялістамі ў сферы турызма і гасціннасці, праходзіла даволі актыўна. Так, у Краязнаўчым музеі будучыя спецыялісты не толькі знаёміліся з дакументацыяй і асноўнымі формамі працы музея, але і самі распрацоўвалі і арганізоўвалі анкетаванне сярод жыхароў горада, рабілі аналіз і дыягностыку наведвання музея за папярэдні перыяд, праводзілі экскурсіі па асобных музейных комплексах. Вынікам плённага супрацоўніцтва музейшчыкаў і навучэнцаў стала падрыхтоўка і правядзенне экскурсіі для даволі «патрабавальных» слухачоў – навучэнцаў 2-га курса каледжа. Усе засталіся задаволенымі. Па выніках сумеснай працы практыканты рыхтавалі справаздачу, якая ўключала навуковыя тэксты, дзённікі, слайд-шоў. Пасля заканчэння практыкі ў юнакоў і дзяўчат застаўся яшчэ і невялікі асабісты вопыт індывідуальнай і калектыўнай працы з людзьмі, які спатрэбіцца ім у далейшым жыцці.

967