Па выніках навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 85-годдзю Краязнаўчага музея г.Полацка

8-9 снежня 2011 г. у г. Полацку прайшла навукова-краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 85-годдзю Полацкага краязнаўчага музея. Гэта была ўжо трэцяя па ліку канферэнцыя за апошнія 15 год. У яе рабоце прынялі ўдзел вядомыя краязнаўцы Полаччыны і Віцебшчыны, навуковыя супрацоўнікі інстытутаў, універсітэтаў і музеяў Беларусі, настаўнікі школ, спецыялісты архіваў і бібліятэк. У параўнанні з мінулай канферэнцыяй колькасць удзельнікаў значна павялічылася.

Тэматыка выступленняў ахоплівала разнастайны спектр пытанняў гісторыі і культуры Полаччыны ад часоў Полацкага княства і па сённяшні дзень. У дакладах былі прадстаўлены вынікі краязнаўчых пошукаў і дасягненняў за апошнія гады. На канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва Краязнаўчага музея з навучальнымі ўстановамі горада і раёна, адзначаліся поспехі ў сумесных праектах - краязнаўчых чытаннях, конкурсе экскурсаводаў, музейна-педагагічных занятках для вучняў пачатковай і сярэдняй школ, выказваліся прапановы па далейшым развіцці і ўдасканаленні ўзаемадзеяння ўстаноў культуры і адукацыі. Дакладчыкамі ўздымаліся праблемы стварэння інфармацыйнага рэсурсу, дзе вучні школ і навучэнцы сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў могуць знайсці дакладную інфармацыю краязнаўчай тэматыкі.

Цікавасць да канферэнцыі з боку навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з'яўляецца доказам папулярнасці канферэнцыі ў навуковым асяроддзі. Удзельнікі адзначылі неабходнасць і важнасць правядзення канферэнцыі, яе ўклад у развіццё краязнаўчай думкі ў рэгіёне, значнае павелічэнне інтарэса прафесійных гісторыкаў і краязнаўцаў-аматараў да гісторыі Полаччыны.

Па выніках канферэнцыі плануецца выданне яе матэрыялаў.

1107