Выстаўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Уладзіміравіча Аракчэева і Аксаны Барысаўны Аракчэевай адкрылася ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.


12 жніўня 2011 года ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адкрылася выстаўка твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Уладзіміравіча Аракчэева і яго дачкі Аксаны Аракчэевай. Куратарам выстаўкі з'яўляецца Аксана Аракчэева. Экспазіцыя работ беларускага жывапісца Б.У. Аракчэева прысвечана 85-годдзю мастака. На выстаўцы прадстаўлены работы розных гадоў. Гэта тэматычныя кампазіцыі, пейзажы, партрэты, нацюрморты, створаныя ім у 1960-2010 гады. Яны захоўваюць у сабе тэндэнцыі развіцця беларускага рэалістычнага жывапісу пераходных перыядаў, эксперыментаў і традыцый, з'яўляюцца гістарычным эвалюцыйным ланцужком у мастацкай культуры Беларусі. Барыс Уладзіміравіч з'яўляецца ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, з 1964 па 1971 год ён выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, а затым, да 1996 года, - у Акадэміі мастацтваў. Мае званне дацэнта. Падрыхтаваў і выпусціў дзясяткі дыпломнікаў, зараз вядомых мастакоў - такіх, як У. Кожух, В. Рускевіч, Ф.Янушкевіч, В. Ясюк і многіх іншых.

Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным Мастацкім музеі РБ, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Фондах БСМ і Міністэрства культуры Беларусі, Украіны і Расіі, Магілёўскім мастацкім музеі імя. П.В. Масленікава, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-заповедніку, Музеі гісторыі ВАВ, Літаратурна-гістарычным музеі М. Багдановіча, Мастацкай галерэі горада Крупкі і інш. А таксама ў галерэях і прыватных калецыях Расіі, Польшчы, Італіі, Нарвегіі, Германіі, Францыі, Сербіі, Чэхіі, ЗША, Ізраіля, Канады. У 2011 годзе Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў узнагароджаны Ордэнам Ф. Скарыны. Мастак поўны творчых сіл, удзельнічае ў міжнародных пленэрах, кожнае лета выязджае на пленэр у Віцебскі край, вясной і восенню ходзіць на эцюды, зімой стварае карціны ў творчай майстэрні.

Аксана Барысаўна Аракчэева ў сваёй персанальнай экспазіцыі аўтарскіх работ прадставіла шматграннасць сваёй творчай дзейнасці – жывапісныя работы, у якіх яна аддае перавагу тэматычным кампазіцыям і партрэтам, акварэлі, пастэлі і серыю ілюстрацый да друкаваных выданняў. Яе творчасць абумоўлена асабістым аўтарскім бачаннем, яна стварае вобраз свайго светаадчування, асяроддзя, у якім яна знаходзіцца. Мастачка ў сваіх жывапісных палотнах піша гісторыю свайго любімага горада Мінска, у якім яна нарадзілася. Створаныя ёю партрэты напоўнены асобаснымі характарыстыкамі, яна стварае партрэтную галерэю сваіх сучаснікаў, у якой ёсць месца яе сябрам, калегам, выдатным творчым і дзяржаўным дзеячам. З асаблівай цеплынёй мастачка працуе над ілюстрацыямі да дзіцячых кніжак, што робіць пазнавальным яе творчы почырк. Работы А. Аракчэевай знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Фондах БСМ, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Літаратурна-гістарычным музеі М. Багдановіча, у галереэх і прыватных калекцыях Расіі, Украіны, ЗША, Канады, Ізраіля, Італіі, Галандыі, Германіі, Сербіі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы і інш. 

173