Выстаўка «Свет дзіцячай кнігі»


Запрашаем наведаць выставу «Свет дзіцячай кнігі» у Музеі беларускага кнігадрукавання.

На выставе прадстаўлены кнігі для дзяцей з ліку выданняў-лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» за 2001-2009 гг.
Выстава выданняў-лаўрэатаў з'яўляецца для Музея беларускага кнігадрукавання традыцыйнай, паколькі ўжо на працягу амаль дваццаці гадоў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь штогод перадае музею калекцыю выданняў, якія сталі лаўрэатамі Нацыянальнага (да 2007 года – Рэспубліканскага) конкурсу «Мастацтва кнігі»Аднак на дадзенай выставе акцэнт зроблены менавіта на дзіцячых кнігах: мастацкай літаратуры, а таксама развіваючых і вучэбных выданняў для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў.

Мэта: пазнаёміць з лепшымі беларускімі выданнямі для дзяцей, прадставіць наведвальнікам сучасны стан паліграфічнай справы ў Беларусі, фарміраваць у дзіцячай аўдыторыі цікавасць да кнігі ва ўмовах развіцця камп'ютарных тэхналогій, выхоўваць любоў да роднага слова, пачуццё гонару за сваю краіну.
Прызначаная перш за ўсё для дзіцячай аўдыторыі, выстава можа быць цікавая і для дарослых наведвальнікаў.

Выстава размяшчаецца на другім паверсе музея і з'яўляецца лагічным працягам пастаяннай экспазіцыі першага паверха, дзе наведвальнік знаёміцца з вытокамі ўзнікнення кнігі ў старажытнасці і гісторыяй беларускага кнігадрукавання. Такім чынам, яна дапамагае скласці больш поўнае ўяўленне пра кніжную справу на Беларусі.

Выстава падзяляецца на наступныя тэматычныя блокі:
1)выданні беларускіх народных казак і твораў беларускіх пісьменнікаў для дзяцей;
2)рэлігійныя выданні для дзяцей;
3)казкі народаў свету;
4)развіваючая і вучэбная літаратура;
5)кнігі-цацкі.

347