Акцыя «Упішы сябе ў гісторыю Полацка»

Музей не піша гісторыю. Музей яе збірае.

“Музеі і Памяць. Прадметы распавядаюць пра тваю гісторыю” - тэма Міжнароднага дня музеяў 2011 года.

Што такое наша памяць? Памяць – гэта гісторыя, гісторыя краіны, гісторыя горада, гісторыя кожнай сям’і і складаецца яна з дакументаў, фотаздымкаў, асабістых рэчаў, якія клапатліва і старанна захоўваліся і перадаваліся ад дзядоў дзецям і ўнукам.

Як і ў мінулыя годы, напярэдадні Міжнароднага Дня Музеяў, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік праводзіць акцыю “Упішы сябе ў гісторыю Полацка”.

За час правядзення акцыі яе ўдзельнікамі сталі амаль 80 жыхароў Полацка, Наваполацка, іншых гарадоў Беларусі, якія прынеслі ў дар больш за 1719 прадметаў.Сярод іх кнігі і дакументы, фотаздымкі з відамі горада ў розныя часы і партрэты знакамітых жыхароў; рэчы, якія былі зроблены рукамі бабуль і дзядуль, прадметы асабістага ўжытку і тэхнікі, археалагічныя знаходкі, творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў. Усе гэтыя прадметы папоўнілі музейны збор запаведніка.

З кожнага прадмета, як са слова ў сказе, складаецца апавяданне, складаецца поўная карціна жыцця роднага краю. Давайце разам, па кроплях, па сказах запішам нашу гісторыю, у якой будуць прадстаўлены яркімі і дакладнымі амаль усе этапы гісторыі нашага любімага Полацка.

З 4 па 18 мая, усе музеі горада прымаюць у дар ад сем'яў, асобных жыхароў, устаноў і арганізацый прадметы, сямейныя рэліквіі, звязаныя з гісторыяй, культурай і традыцыямі Полацкага краю.

Удзельнікам акцыі «Упішы сябе ў гісторыю Полацка” будуць уручаны імянныя пасведчанні, іх імёны будуць запісаны ў Ганаровай кнізе Дарыцеляў.

Усе прадметы, падораныя ў ходзе акцыі, будуць прадстаўлены на сайце музея-запаведніка.

1757