Навуковая канферэнцыя "Віцебскія старажытнасці"

28-29 кастрычніка ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя "Віцебскія старажытнасці". Ужо не першы раз у ёй прымалі ўдзел і супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. У гэтым годзе канферэнцыя была прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння Леаніда Васільевіча Аляксеева, вядомага гісторыка і археолага.

Гэты навуковец прысвяціў Полаччыне многія свае працы і даследаванні. Шмат часу ён надаў вывучэнню старажытных гарадоў Полацкага княства, прымаў актыўны ўдзел ва ўзнаўленні крыжа Еўфрасінні Полацкай. У апошнія гады свайго жыцця Леанід Васільевіч быў частым госцем полацкіх музеяў. Супрацоўнікамі музея-запаведніка для выступлення былі абраны тэмы, якія раскрывалі ўзаемасувязі археалагічных даследаванняў і музеефікацыі, грунтоўнага вывучэння і прадстаўлення археалагічных знаходак у музейных экспазіцыях. З дакладам "Ад навуковых даследаванняў да стварэння музейнай экспазіцыі (на аснове прац гісторыка і археолага Л.В. Аляксеева)" выступала загадчыца Краязнаўчага музея Воднева І.П. Аб язычніцкіх прывесках-амулетах Х-ХІІІ стст. з тэрыторыі Полацка паведамляў старшы навуковы супрацоўнік НПГКМЗ Магалінскі І.У. Для ўдзельнікаў канферэнцыі супрацоўнікамі віцебскага музея была падрыхтавана цікавая выстава, прысвечаная Л.В. Аляксееву.

2129