І хобі, і карысць

Традыцыйна да Дня музеяў Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік праводзіць акцыю "Упішы сябе ў гісторыю Полацка", прыняць удзел у якой могуць усе жадаючыя. Імя таго, хто перадасць у дар полацкім музеям цікавыя і рэдкія прадметы, сямейныя рэліквіі і іншыя унікальныя рэчы, будзе занесена ў Кнігу ганаровых дарыцеляў і застанецца ў "аналах гісторыі" г. Полацка.

Сёлета колькасць удзельнікаў акцыі павялічылася. Фонды запаведніка папоўніліся старымі фотаздымкамі, паштоўкамі, фотаапаратамі, посудам, калекцыяй елачных цацак і многімі іншымі рэчамі. Усе дарыцелі - людзі рознага ўзросту, прафесій, інтарэсаў. Але аб'ядноўвае іх любоў да роднага горада. Па-рознаму траплялі да людзей рэчы: камусьці засталіся ў спадчыну ад дзядоў і бацькоў, хтосьці знайшоў выпадкова або набыў, а некаторыя збіралі мэтанакіравана.

Адным з такіх дарыцеляў стаў Аляксей Бельчыкаў. У мінулым годзе ён па падказцы знаёмых удзельнічаў у акцыі, але гэта была толькі спроба. Да Міжнароднага дня музеяў - 2010 Аляксей перадаў супрацоўнікам Краязнаўчага музея калекцыю археалагічных знаходак, самыя раннія з якіх датуюцца ХІІ ст. Цікавасць да збірання старажытных рэчаў з'явілася ў вучня полацкай СШ № 6 не выпадкова. У час яго вучобы ішло будаўніцтва новага аўтамабільнага моста праз Дзвіну. З ракі даставалі пясок, у якім хлопчык і знаходзіў розныя прадметы, некаторыя з якіх прыносіў дадому. Пасля заканчэння школы, службы ў арміі Аляксей вёў звычайнае жыццё, ажаніўся, і маладая сям'я набыла дом у Запалоцці. У гэты час і вярнулася да яго прага да збірання і вывучэння гісторыі роднага горада. Адзін з самых старажытных раёнаў сучаснага горада і зараз багаты на цікавыя знаходкі. Ва ўласным гародзе сям'я Бельчыкавых знаходзіла прадметы, якія належалі старажытным гаспадарам гэтай зямлі. Нават любімае хобі - сядзенне з вудай на рацэ - было адсунута ўбок.

За апошні год у Аляксея назбіралася цэлая калекцыя археалагічных знаходак: прасліцы, шпількі, крыжы, гузікі, прывескі і інш. Ён не проста збіраў рэчы, а вывучаў іх, класіфікаваў. Ужо апрацаваную, па магчымасці збіральніка, калекцыю і прынёс А. Бельчыкаў у музей, дзе запоўніў анкету ўдзельніка акцыі, атрымаў адзіны музейны білет і запрашэнне на ўрачыстае віншаванне ганаровых дарыцеляў 2010 года. Сваю калекцыю ганаровы дарыцель і ўсе жадаючыя змаглі ўбачыць на спецыяльна арганізаванай супрацоўнікамі фондаў выставе ў Сафійскім саборы. Перададзеныя прадметы зоймуць вартае месца ў багатай калекцыі археалогіі НПГКМЗ.

323