Выстаўка «Гульня, ды не штодня: свет драўлянай цацкі»


У беларускім традыцыйным грамадстве цацка суправаджала чалавека з моманту яго нараджэння. Цацкі маглі вырабляць з розных матэрыялаў: тканіны, гліны, дрэва, раслін, нават самых маленькіх дзяцей забаўлялі бразготкамі, сплеценымі з саломы, са збожжам унутры. Дзяўчынкі гулялі з мініяцюрным гліняным посудам, лялечкамі з саломы і шматкоў тканіны, а хлопчыкі – з фігуркамі людзей і жывёл, якіх дарослыя ляпілі з гліны або выразалі з дрэва. Цацка з'яўлялася не толькі часткай гульні і забавы, яна знаёміла з навакольным светам, уводзіла ў дарослае жыццё. Дзяўчынкі вучыліся гатаваць, прыбіраць, клапаціцца пра малодшых братоў і сясцёр, а ў хлопчыкаў выхоўвалі мужнасць і любоў да роднай зямлі.

Сярод вялікай разнастайнасці беларускіх традыцыйных цацак толькі драўляныя мелі механізм, які нібы ажыўляў іх («Конікі», «Кураняты дзяўбуць зерне», «Мядзведзь-гімнаст» і інш.). На нашай выстаўцы «Гульня, ды не штодня: свет драўлянай цацкі» прадстаўлены беларускія драўляныя цацкі, работы майстра з горада Глыбокага Віктара Дудкевіча. Разнастайнасць беларускіх цацак, выкананых майстрам, здзіўляе: сярод іх ёсць вельмі лаканічныя, «простыя», ёсць і механічныя, якія нібы «ажываюць» у руках пры нязначным дакрананні. Дарослым наведвальнікам выстаўка дасць магчымасць адчуць сябе дзіцём, а для маленькіх гасцей прадугледжана гульнявая зона.

Запрашаем усіх жыхароў і гасцей горада наведаць нашу выстаўку, акунуцца ў свет дзяцінства і беларускай драўлянай цацкі!

791