Музею-бібліятэцы Сімяона Полацкага – 25!

Сёння, 25 сакавіка 2019 г., аднаму з філіялаў Полацкага музея-запаведніка – Музею-бібліятэцы Сімяона Полацкага спаўняецца 25 год. За гэты час яго наведалі дзясяткі тысяч турыстаў з розных краін свету. Выкананая ў стылі заходнееўрапейскай бібліятэкі XVII – ХVІІІ стст. зала музея-бібліятэкі прымала навуковыя канферэнцыі, прэзентацыі новых кніг, літаратурныя імпрэзы, музейна-педагагічныя заняткі і нават здымкі кінафільма.

Гэты ўнікальны музей запатрабаваны сярод самых розных людзей: малых і дарослых, карэнных палачан і прыезджых гасцей, цікаўных аматараў гісторыі і навукоўцаў-прафесіяналаў. Так, напрыклад, для апошніх ужо стала традыцыяй кожныя пяць год прымаць удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць”. Гэтай восенню Музей будзе праводзіць канферэнцыю ўжо ў пяты раз. Інфармацыйны ліст можна спампаваць тут

У гэтым годзе святкуецца 390-годдзе з дня нараджэння нашага земляка, значнага дзеяча беларускай і ўсходнеславянскай літаратуры, філасофіі, культуры XVII ст. Сімяона Полацкага. Музейная экспазіцыя распавядае пра розныя этапы яго жыцця і дзейнасці. Незвычайны інтэр’ер музея-бібліятэкі дазваляе паглыбіцца ў атмасферу часоў, калі жыў і працаваў асветнік. “Вельмі спадабалася экспазіцыя. Дзякуй за захаванне спадчыны!”, “Цудоўны матэрыял сабраны ў Музеі”, “Музей вышэй за ўсе чаканні! Мы быццам ажыццявілі захапляльнае падарожжа ў часе”, – такімі ўражаннямі дзеляцца наведвальнікі ў кнізе водгукаў Музея.

808