Выстава "Калекцыя малюнкаў і апісанняў Ліфляндыі Ёгана Крыстафа Броцэ (1742-1823) у Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта"

12.10.2017 16:00
30.11.2017 17:00
Выстава «Калекцыя малюнкаў і апісанняў Ліфляндыі Ёгана Крыстафа Броцэ». Музей белорусского книгопечатания. г. Полоцк, 2017 г.

12 кастрычніка 2017 года ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага распачала працу выстава "Калекцыя малюнкаў і апісанняў Ліфляндыі Ёгана Крыстафа Броцэ (1742-1823) у Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта".

Акадэмічная бібліятэка Латвійскага ўніверсітэта захоўвае цікавыя гісторыі лёсаў старых рукапісаў і кніг. Адна з найяскравейшых старонак гэтай хронікі належыць калекцыі педагога і гісторыка Ёгана Крыстафа Броцэ.

Нарадзіўся ён ў Гёрліцы, засвоіў тэхнічнае маляванне, у Лейпцыгскім і Вітэнбергскім універсітэтах вывучаў тэалогію і філасофію. Пасля вучобы ён вярнуўся ў Рыгу і ў хуткім часе стаў выкладчыкам у Рыжскім імператарскім ліцэі, дзе адпрацаваў 46 гадоў.

Ё.К. Броцэ збіраў гістарычныя матэрыялы, маляваў і дакументаваў сведчанні сваёй эпохі, якія падаваліся яму важнымі; фіксаваў усё з фатаграфічнай дакладнасцю і заўсёды суправаджаў малюнкі тэкставымі тлумачэннямі.

Самай значнай працай Ё.К. Броцэ з'яўляецца "Sammlung verschiedener Liefländischer Monumente…" - 10 тамоў у скураных пераплётах. Тут з вялікай дакладнасцю намаляваны віды балтыйскіх маёнткаў, замкаў, населеных пунктаў; грамадскія пабудовы, прыватныя збудаванні, цэрквы, масты; выявы гараджан і вясковых жыхароў, іх адзення, хатняга начыння і г.д.; выявы помнікаў, гербаў, пячатак, манет.

На выставе можна будзе пабачыць копіі выбраных малюнкаў Ёгана Крыстафа Броцэ.

Шчыра запрашаем!





®
Система Orphus