Бясплатны мабільны аўдыягід «Прагулкі па гістарычным цэнтры Полацка» цяпер і на беларускай мове

У сакавіку 2021 года Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік запусціў бясплатны мабільны аўдыягід «Прагулкі па гістарычным цэнтры Полацка» на рускай мове. На сёння падчас сваіх вандровак па Полацку ім ужо скарысталіся больш чым 2000 чалавек. Наступным крокам стала распрацоўка беларускамоўнай версіі аўдыягіда для аматараў гісторыі і культуры старажытнага горада.

Аўдыягід на беларускай мове правядзе вас па плошчах і вуліцах старажытнага Полацка і пазнаёміць з гісторыяй многіх помнікаў і памятных месцаў, размешчаных у гістарычным цэнтры. У ходзе экскурсіі вы наведаеце Верхні замак, Ніжні замак з валам Івана Грознага, убачыце Сафійскі сабор, былую лютэранскую кірху, ансамбль Плошчы Свабоды, забудову Ніжне-Пакроўскай вуліцы і многае іншае.

Аўдыягід «Прагулкі па гістарычным цэнтры Полацка» размешчаны на платформе izi.TRAVEL. Каб атрымаць доступ да экскурсіі, усталюйце дадатак на свой смартфон і адкрыйце тур. Вы можаце запусціць яго анлайн, выкарыстоўваючы мабільны інтэрнэт, альбо папярэдне скачаць тур на тэлефон і запусціць на месцы ў рэжыме афлайн. Тут вы таксама можаце выбраць мову аўдыягіда — беларускую ці рускую.

Мабільны аўдыягід мае некалькі пераваг. Па-першае, вы не абмежаваныя ў часе — вы можаце «наведаць» экскурсію ў любы зручны вам час, зрабіць прыпынак, каб зазірнуць у музей або сувенірную краму, адпачыць у кафэ. Па-другое, вам не спатрэбіцца ніякіх дадатковых прылад, карт або даведнікаў — увесь аўдыягід змяшчаецца ў вашым мабільным тэлефоне. Па-трэцяе, вы можаце самастойна карэктаваць экскурсію па сваіх інтарэсах — цалкам прайсці маршрут ад пачатковай кропкі да канчатковай або проста прагуляцца па гістарычным цэнтры ў вольным тэмпе, запусціўшы дадатак ў фонавым рэжыме — аповед будзе аўтаматычна загружацца пры набліжэнні да аб’екта.

Каб скачаць аўдыягід «Прагулкі па гістарычным цэнтры Полацка», перайдзіце па спасылцы.

878