Веласпорт або Па шляху са спадарожным ветрам

1 чэрвеня 2021 г. у Міжнародны дзень абароны дзяцей у Краязнаўчым музеі Полацка на пляцоўцы выставы «Народжаныя перамагаць» прайшла сустрэча вучняў з дырэктарам спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установы фізічнай культуры і спорту «Полацкая дзяржаўная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа» Л.М. Сіняўскім, прысвечаная веласпорту. Супрацоўнікі музея пазнаёмілі навучэнцаў з гісторыяй развіцця гэтага віду спорту ў Полацку, прадэманстравалі ім унікальныя фатаграфіі падрыхтоўкі да спаборніцтваў полацкіх веласпартсменаў пад кіраўніцтвам майстра спорту СССР Рыгора Іванавіча Кісялёва, агучылі імёны тых, хто на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах займаў вышэйшыя прыступкі спартыўнага п’едэстала. Змястоўным і эмацыйна насычаным было выступленне Леаніда Мікалаевіча Сіняўскага. Ён распавёў пра сваё спартыўнае юнацтва, кіраўніцтва ДзЮСШ і перспектывах развіцця ў ёй аддзялення веласпорту. На сустрэчы з хлопцамі і дзяўчатамі прысутнічала таксама і намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ДзЮСШ Вольга Сяргееўна Палісаева, якая адзначыла поспехі вучняў на апошніх спаборніцтвах. Шмат станоўчых эмоцый, як у дзяцей, так і ў дарослых выклікала рашэнне чайнворда, таксама прысвечанага веласпорту. Супрацоўніцтва музея і ДзЮСШ будзе працягнута.

858