Пайшоў з жыцця пісьменнік, перакладчык і педагог Анатоль Клышка

Надзвычай сумная навіна — пайшоў з жыцця Анатоль Клышка. Усяго год таму мы адзначалі яго 85-гадовы юбілей, а заўтра яму споўнілася б 86.

Анатоль Канстанцінавіч Клышка нарадзіўся 16 красавіка 1935 г. у вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Наваградскім педагагічным вучылішчы (1949—1952). Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1958), потым вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1959—1961). Быў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», на кінастудыі «Беларусьфільм», у выдавецтве «Юнацтва». У 1971—1980 гг. — супрацоўнік Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР.

Друкавацца ён пачаў з 1950 г. (верш у навагрудскай газеце «Звязда»), часта выступаў у друку як аўтар крытычных артыкулаў па творчасці пісьменнікаў.

Але перш за ўсё мы ведаем Анатоля Клышку як стваральніка Буквара.

Славуты «Буквар» А. Клышкі быў створаны ў 1969 г. з улікам апошніх на той час дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі і вытрымаў 23 выданні. А ў 1977 г. з густам аформлены падручнік (мастак С. Кавалёў) атрымаў залаты медаль на Міжнароднай выставе ў Лейпцыгу як самая прыгожая кніга. Выданне займае ганаровае месца ў адной з залаў Музея беларускага кнігадрукавання.

Акрамя таго, А. Клышка — складальнік «Пропісаў» для 1 класа (18 выданняў), чытанак для малодшых класаў («Чабарок», «Верасок» і інш.). Па яго падручніках для беларускіх, рускіх і польскіх школ вучыцца ўжо не адно пакаленне дзяцей. Многія з гэтых выданняў з'яўляюцца лаўрэатамі конкурсаў «Мастацтва кнігі». Так, ілюстраваны слоўнік па беларускай мове «Чую, бачу, гавару» атрымаў Дыплом «За лепшае выданне 2003 года» Рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі» і спецыяльны дыплом журы І Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» краін СНД (2004).

Не меншую каштоўнасць мае кніга Анатоля Клышкі «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга», якая таксама не адзін раз перавыдавалася ў розным афармленні (1983, 1995, 2009, 2016).

Нельга не ўзгадаць таксама плённую дзейнасць Анатоля Канстанцінавіча як перакладчыка, які перастварыў па-беларуску кнігу казак «Шыльдбюргеры» і «Новы Запавет».

За свае заслугі А. Клышка атрымаў медаль Францыска Скарыны і іншыя ўзнагароды.

Створанае Анатолем Канстанцінавічам Клышкам застанецца з намі як найкаштоўнейшы скарб, частка якога захоўваецца ў музейных фондах.

1034