Да 170-годдзя з дня нараджэння Аляксея Сапунова

170 гадоў з дня нараджэння Аляксея Сапунова — беларускага гісторыка, археографа і краязнаўцы, жыццё і дзейнасць якога звязаны з Віцебшчынай і Полаччынай

Аляксей Парфёнавіч Сапуноў нарадзіўся 15 (27) сакавіка 1851 г. у мястэчку Усвяты Веліжскага павета Віцебскай губерні (цяпер Пскоўская вобласць, Расія). Скончыў гімназію ў Віцебску (1869) і гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1873), выкладаў лацінскую і грэчаскую мовы ў Віцебскай гімназіі. З 1896 г. — архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, сакратар Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта. У 1907 г. быў выбраны дэпутатам ад Віцебскай губерні ў Дзяржаўную думу. З 1918 г. загадчык секцыі дэмаграфіі ў губернскім статыстычным бюро, з 1919 г. — у Віцебскім губернскім архіве. У 1911—1924 гг. чытаў курс лекцый у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута, выкладаў у Віцебскім інстытуце народнай асветы. Памёр у 1924 г.

А. П. Сапуноў вядомы як аўтар прац па гісторыі Беларусі, пераважна Віцебшчыны. Даследаваў гісторыю, літаратуру, этнаграфію, археалогію, архітэктуру, фальклор Падзвіння. Апісаў Барысавы камяні. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.


У фондах НПГКМЗ захоўваецца некалькі выданняў Аляксея Парфёнавіча Сапунова. Сярод іх даследаванні, прысвечаныя старажытным архітэктурным помнікам полацкай зямлі: «Полоцкій Софійскій соборъ» і «Полоцкій Спасо-Евфросиніевскій дѣвичій монастырь». Абодва выданні, выпушчаныя асобнымі брашурамі ў Віцебску ў 1888 г., уяўляюць сабой матэрыялы, што публікаваліся раней у «Витебскихъ Губернскихъ Вѣдомостяхъ» і «Полоцкихъ Епархіальныхъ Вѣдомостяхъ».

Удзельнічаў Аляксей Парфёнавіч і ў падрыхтоўцы серыі «Россія. Полное географическое описаніе нашего Отечества», што выходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў 1899—1914 гг. і некаторыя з тамоў якой датычылі непасрэдна Беларусі. Так, у дзявятым томе апісваецца прырода, клімат, насельніцтва, яго этнаграфічны склад, быт і культура, промыслы і заняткі жыхароў Верхняга Падняпроўя і Беларусі. Ёсць старонкі, прысвечаныя Полацку.

Асабліва ж цікавую і каштоўную частку калекцыі складаюць тры тамы «Полоцко-Витебской старины», падрыхтаваныя і выдадзеныя Віцебскай вучонай архіўнай камісіяй, правадзейным членам якой з'яўляўся А. П. Сапуноў. Кожны з тамоў змяшчае яго артыкулы рознай тэматыкі. Так, выданне 1911 г. пачынаецца нарысам «Историческій очеркъ Витебской Бѣлоруссіи». У другім томе (1912) змешчана некалькі яго прац: «Рисунки крѣпостей, построенныхъ по повеленію царя Ивана Грознаго послѣ завоеванія Полоцка, въ 1563 году», «Привилегіи, данныя королями польскими г. Витебску», «Чей прахъ покоится въ нишѣ полоцкаго Софійскаго собора?». Таксама і ў трэцім томе, выпушчаным ужо ў 1916 г., змешчаны шэраг артыкулаў Сапунова, пераважна звязаных з Полацкам: «Сказанія исландскихъ, или скандинавскихъ, сагъ о Полоцке, князьяхъ полоцкихъ и р. Западной Двинѣ», «Пребываніе императрицы Екатерины ІІ въ Полоцкѣ», «Способъ запашки земли и посѣва хлѣбовъ въ Бѣлоруссіи и въ великомъ княжестве Литовскомъ въ концѣ XVI и нач. XVII вѣка».

Усе тры выпускі «Полацка-Віцебскай даўніны» знайшлі належнае месца ў экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання.

875