Полацкаму гандлёва-тэхналагічнаму каледжу -75!

Гэты год – юбілейны для Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа Белкаапсаюза. Навучальная ўстанова, якая была заснавана 75 гадоў таму, годна вытрымала выпрабаванне часам. Здабытак каледжа – гэта дзясяткі тысяч выпускнікоў, якія паспяхова працуюць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

Гісторыя навучальнай установы пачынаецца ў студзені 1946 г. у пасляваенныя гады краіна востра мела патрэбу ў кваліфікаваных спецыялістах гандлёвай галіны эканомікі. З гэтай мэтай выканкам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне адкрыць 15 студзеня гандлёва-кааператыўную школу пры Брэсцкім аблспажыўсаюзе. Яна мела бухгалтарскае, інспектарскае, нарыхтоўчае, планава-эканамічнае і гандлёвае аддзяленні. Першы набор школы быў невялікім і ўключаў 130 чалавек. Слухачы праходзілі навучанне на працягу аднаго года і былі забяспечаны інтэрнатам, бясплатным трохразовым харчаваннем, хлебнымі карткамі і адзеннем. Гэта была значная дапамога для выпускнікоў 7-гадовых і сярэдніх школ у цяжкія пасляваенныя гады.

1 ліпеня 1954 г. гандлёва-кааператыўную школу перавялі ў Полацк. Выкладчыцкі калектыў складаўся з 7 педагогаў на чале з дырэктарам. Кіраўніцтва строга сачыла за паспяховасцю навучэнцаў і якасцю выкладання бухгалтарскага ўліку, прамтавараў і харчовых тавараў. Тэарэтычныя веды заўсёды падмацоўваліся практыкай на аб'ектах гандлю горада і раёна – у крамах і на базах. За некалькі гадоў працы Полацкай гандлёва-кааператыўнай школы было падрыхтавана 225 бухгалтараў, 704 гандлёвых работнікаў, 228 нарыхтоўшчыкаў, 90 рэвізораў.

У 1959 г. навучальная ўстанова стала сярэдне спецыяльнай – тэхнікумам. Полацкі тэхнікум год за годам адкрываў новыя спецыяльнасці, неабходныя рынку працы БССР. Гэта таваразнаўцы прамысловых і харчовых тавараў, прадаўцы харчовых і нехарчовых тавараў, спецыялісты па халадзільна-кампрэсарных машынах і ўстаноўках, прамысловым і грамадзянскім будаўніцтве і інш.

Мы адкрывалі новыя спецыяльнасці, праводзілі ўсесаюзныя турніры па настольным тэнісе ... жыццё ў тэхнікуме бурліла. А творчы праект па вырабе скарынаўскага друкаванага станка, створанага рукамі педагогаў і навучэнцаў, быў удастоены бронзавага медаля ВДНГ СССР

Успамінае былы дырэктар Я.М. Буевіч, «Выдатнік спажывецкай кааперацыі Рэспублікі Беларусь». Ён узначальваў калектыў тэхнікума амаль 30 гадоў (з 1976 па 2005 г.). Пад яго кіраўніцтвам ўстанова дынамічна развівалася, укараняліся новыя метады навучання і тэхналогіі, прымяняўся перадавы вопыт. Яўген Мікалаевіч быў першым старшынёй савета дырэктараў навучальных устаноў Белкаапсаюза, каардынуючы і накіроўваючы працу педагагічных калектываў рэспублікі на працягу 10 гадоў. З асаблівай павагай выпускнікі тэхнікума ўспамінаюць не толькі дырэктара, але і іншых педагогаў.

З 2000 г. тэхнікум ператвораны ў Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж Белкаапсаюза, які пад кіраўніцтвам Я.В. Андрусяка і сёння, захоўваючы ранейшыя традыцыі, рыхтуе кваліфікаваных спецыялістаў для сферы паслуг па 7 спецыяльнасцях.

862