Удзел І.П. Водневай ва Усерасійскай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзевятыя Крамлёўскія чытанні»

8 кастрычніка 2020 г. загадчык Краязнаўчага музея Ірына Пятроўна Воднева прыняла ўдзел ва Усерасійскай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзевятыя Крамлёўскія чытанні». З дакладам «Краязнаўчы музей Полацка як месца вывучэння, захавання і трансляцыі гісторыка-культурнай спадчыны» яна выступіла на секцыі «Культурнае развіццё і вобразы спадчыны ў музеях Расіі», якая праходзіла на платформе ZOOM у анлайн-рэжыме.
Тэма канферэнцыі «Нацыянальныя культуры ў гістарычнай і музейнай прасторы», прапанаваная Музеем-запаведнікам «Казанскі Крэмль» для абмеркавання, была прысвечана 100-годдзю ўтварэння Татарскай АССР. Як адзначалі ў прэс-рэлізе арганізатары: «Свае работы на канферэнцыю прадставілі супрацоўнікі вядучых музеяў Расіі і замежжа (Полацкі музей-запаведнік, Дэрбенцкі музей-запаведнік, Алупкінскі палацава-паркавы музей-запаведнік, Уладзіміра-Суздальскі музей-запаведнік, Елабужскі музей-запаведнік і інш.), выкладчыкі расійскіх і замежных ВНУ (Масква; Казань; Эн-Арбор, ЗША), прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і інш.». Амаль 80 даследчыкаў прэзентавалі свае даклады па 4 напрамках: культурная спадчына: магчымасці вывучэння і папулярызацыі; этнакультурныя вобразы рэгіёнаў і месцы памяці ў музейнай прасторы; культурная разнастайнасць і ўзаемадзеянне культур у гістарычнай рэтраспектыве; нацыянальныя культуры ў гарадской прасторы.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік дакладаў яе ўдзельнікаў.

935