Пайшоў з жыцця пісьменнік, літаратуразнаўца, палачанін Пятро Васючэнка

Учора, 25 жніўня, пайшоў з жыцця вядомы беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, ураджэнец горада Полацка Пётр Васільевіч Васючэнка.

Малая радзіма займала асаблівае месца ў жыцці Пятра Васючэнкі: тут ён нарадзіўся, сталеў, спрабаваў пяро. У інтэрв'ю ён заўсёды з цеплынёй гаварыў пра сваё дзяцінства, успамінаў полацкія мясціны. Апошні раз са сваімі чытачамі на малой радзіме Пятро Васючэнка сустракаўся ў маі ў Музеі беларускага кнігадрукавання. Падчас імпрэзы гаварылі, канешне, пра Полацк, пра прафесійнае і асабістае жыццё. З бацькоўскай цеплынёй і гумарам Пётр Васільевіч расказваў пра сваіх студэнтаў. Госці і арганізатары сустрэчы віншавалі яго з 60-гадовым юбілеем, адзначаным у гэтым годзе, з 40-годдзем апублікавання першага твора і яшчэ доўга пасля афіцыйнага заканчэння не адпускалі.

Выказваем шчырыя спачуванні блізкім, сябрам, калегам. Светлая памяць.