Полацкі кадэцкі корпус


У 1835 г. пасля перапланіроўкі ўнутраных памяшканняў у будынках былой езуіцкай акадэміі быў адкрыты Полацкі кадэцкі корпус. Права на паступленне ў корпус мелі дзеці афіцэраў, ваенных служачых і патомных дваран. Навучанне доўжылася 7 гадоў. Пасля заканчэння асноўнага курса полацкія кадэты атрымлівалі права паступлення ў ваенныя вучылішчы.

Навучальны год доўжыўся з 15 жніўня па 5 чэрвеня. Заняткі пачыналіся ў 8 і заканчваліся ў 15 гадзін. Кадэты вывучалі Закон Божы, рускую, нямецкую і французскую мовы, рускую і ўсеагульную гісторыю, геаграфію, матэматыку, фізіку, хімію, прыродазнаўства, чарчэнне, музыку, маляванне, спевы. Значная ўвага надавалася страявым заняткам, плаванню, гімнастычным практыкаванням, фехтаванню. Вялося выкладанне такіх ваенных дысцыплін, як тактыка, артылерыя, ваенная гісторыя і фартыфікацыя.

Полацкі кадэцкі корпус працаваў да верасня 1914 г., калі ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны роты кадэт былі эвакуяваны і размеркаваны ў іншыя карпусы імперыі. Апошні выпуск полацкіх кадэт адбыўся ў маі 1917 г.