Гісторыя музея-запаведніка

Музей, як сацыякультурны інстытут, з’яўляецца ў грамадстве, якое знаходзіцца на высокім узроўні сацыяльнага і культурнага развіцця. З моманту свайго з’яўлення ў еўрапейскай культуры Новага часу ён не толькі адлюстроўвае важныя тэндэнцыі развіцця культуры і грамадства, але, надзелены асобым сэнсам інстанцыі вечнасці, з цягам часу пачынае аказваць усё большы ўплыў на развіццё сацыякультурнай сферы. Усведамленне ўніверсальнасці і агульначалавечай значнасці культурнай спадчыны Полацкага рэгіёна садзейнічала не толькі развіццю музейнай справы, але і працэсу музеефікацыі асобных помнікаў і гісторыка-культурных тэрыторый.
Полацк уяўляе сабой унікальную гістарычную тэрыторыю, помнікі якой ахоўваюцца, вывучаюцца, рэстаўруюцца і прыстасоўваюцца пад музейныя экспазіцыі. Нерухомыя помнікі (архітэктурныя, археалагічныя), якія знаходзяцца на тэрыторыі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, — музейныя прадметы. Музейны збор запаведніка ўтрымлівае больш за 100 тысяч адзінак захоўвання. Сам запаведнік з яго ахоўнай зонай, існуючымі і будучымі музеямі з’яўляецца ядром, вакол якога ствараюцца ўмовы для пераўтварэння гістарычнага Полацка ў горад-музей. Развіццё адносін традыцыйнага музея з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі (нерухомыя аб’екты, тэрыторыі, ахоўныя зоны, традыцыі і г.д.) і іх трансфармацыямі нарадзіла інавацыйны тып музея, якім стаў гісторыка-культурны музей-запаведнік, прызваны адыграць асобую ролю ў культурным адраджэнні горада. Ён з’яўляецца часткай культурнай прасторы і адначасова формай яе функцыянавання.

Сваім з’яўленнем у Полацку музей-запаведнік абавязаны Пастанове ЦК КПБ і СМ БССР ад 19.09.1967 г. (№ 318) «О состоянии и мерах улучшения охраны памятников истории, искусства и архитектуры в Белорусской ССР». У дакуменце разглядалася праблема захавання і рэстаўрацыі «памятников истории, искусства, архитектуры и археологии...». У пункце 8 дадзенай Пастановы было запісана: «Объявить историко-археологическими заповедниками: а) Верхний и Нижний замки в комплексе с Софийским собором; б) Замковую гору в г. Гродно со всеми архитектурными и историческими памятниками; в) Замковую гору и могильник в г. Пинске; г) Древнее городище в комплексе с Преображенской церковью и могилой Рогнеды в г.п. Заславль Минской области». Створаныя такім чынам запаведнікі сёння існуюць у Заслаўі і Полацку. У сувязі з прыняццем у 1992 г. Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 1993 г. № 258 прыведзеная вышэй Пастанова была прызнана страціўшай сілу за выключэннем пункта 8. 19 верасня 1967 г. можна лічыць днём нараджэння Полацкага гісторыка археалагічнага запаведніка, які цягам часу (за 50 гадоў) трансфармаваўся ў гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Музейныя традыцыі Полацка бяруць пачатак у ХІ—ХІІ стст., калі ў Сафійскім саборы і Спасаўскім манастыры пачалі збіраць кнігі і абразы. Умоўна манастырскія скарбы можна назваць калекцыямі музейнага характару.
Іх існаванне ў ХІ—XVIII стст. стала падмуркам, на якім са стварэннем музея ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1788 г.) пачалося музейнае будаўніцтва ў горадзе.

 

 

Намаганнямі полацкіх езуітаў быў створаны буйны Музей пры езуіцкім калегіуме (1788—1820 гг.), які стаў адным з першых музеяў пры навучальных установах на тэрыторыі Беларусі. Вялікая колькасць музейных рэчаў была падзелена па добра апрацаваных калекцыях і экспанавалася ў залах трохпавярховага корпуса, які быў спраектаваны і пабудаваны генералам Ордэна Габрыэлем Груберам спецыяльна для Музея. Музейны збор пашыраў кругагляд вучняў, далучаючы іх да агульначалавечых каштоўнасцей, выхоўваў мастацкі густ, спрыяў засваенню ведаў, абуджаў да даследаванняў гісторыі і прыроды Полацкага краю. Адукацыйна-выхаваўчая функцыя Музея езуіцкага калегіума і акадэміі заклала падмурак традыцый музейнай справы ў Полацку.

Галоўным укладам музеяў іншых навучальных устаноў (піярскага вучылішча і кадэцкага корпуса (у 1820—1918 гг.) у музейную справу, разам з выкарыстаннем музейных калекцый у дыдактычных мэтах, стала навуковая і матэрыяльная фіксацыя жыцця і дзейнасці піяраў і кадэтаў. Прэзентацыя калекцый атрымала новае развіццё. Яны экспанаваліся на мастацка-прамысловых выставах, што праводзіліся ў Расіі і за мяжой. Адметнай рысай развіцця музейнай справы стала актыўная выставачная дзейнасць.

У перыяд, калі Полацк знаходзіўся ў складзе РСФСР (1918—1924 гг.), музейным будаўніцтвам займаліся аддзел народнай адукацыі, павятовая камісія па ахове помнікаў даўніны і мастацтва і — з 1925 г. — краязнаўчае таварыства. Падрыхтоўка да стварэння Краязнаўчага музея супала з пачаткам адкрыцця першых савецкіх музеяў і выпрацоўкай асноўных заканадаўчых актаў, якія рэгулявалі музейнае будаўніцтва на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, БССР і СССР. Адметнымі рысамі было прыцягненне да музеятворчай працы дарэвалюцыйных кадраў мастацкай і навуковай інтэлегенцыі, удала знойдзеныя арганізацыйныя формы ў справе збірання і захавання музейных каштоўнасцей, факт складання феномена гарадскога музея, які ўвасобіўся ў працэсе музеефікацыі, і яго вылучэнне з аматарскага краязнаўчага руху.

Наступны перыяд музейнага будаўніцтва ў Полацку (1926—1967 гг.) пачаўся з адкрыцця Краязнаўчага музея. Нягледзячы на імкненне партыйнага кіраўніцтва БССР накіраваць музейную справу ў рэчышча ідэалагічнай падтрымкі сацыялістычнага будаўніцтва, Краязнаўчы музей садзейнічаў захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей і выхаванню самасвядомасці гараджан, кансалідаваў грамадства і стаў формай праяўлення дэмакратычнай самадзейнасці насельніцтва ў адносінах да нацыянальнай спадчыны. Працэс дэмакратызацыі ў галіне культуры, які пачаўся пасля 1956 г., павялічыў інтарэс грамадства да айчыннай гісторыі, што ў сваю чаргу паўплывала на стан музейнай справы і помнікаў архітэктуры. У 1960-х гг. комплексны падыход да вывучэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны стаў адметнай рысай дзейнасці Полацкага краязнаўчага музея, на базе якога ў 1967 г. быў створаны Полацкі гісторыка-археалагічны запаведнік.

Дзяржаўны падыход да стварэння музея-запаведніка. Да сярэдзіны 1960-х гг. увага да багатай і разнастайнай архітэктурнай спадчыны старажытнага Полацка заставалася выключна акадэмічнай. Такое становішча змянілася з моманту ўтварэння ў 1965 г. Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і арганізацыі Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрань Міністэрства культуры БССР (з 1985 г. — Беларускае спецыялізаванае навукова-рэстаўрацыйнае вытворчае аб’яднанне «Белрэстаўрацыя»). У 1969 г. полацкі вытворчы ўчастак майстэрань пачаў работы па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры.

Працягам Пастановы ЦК КПБ і СМ БССР ад 19.09.1967 г. (№ 318) «Аб стане і мерах паляпшэння аховы помнікаў гісторыі, мастацтва і архітэктуры», паводле якой было абвешчана стварэнне гісторыка-археалагічнага запаведніка ў Полацку, стаў яшчэ адзін дакумент, падпісаны 8 кастрычніка 1968 г. Міністрам культуры БССР М. Мінковічам. Гэта было «Палажэнне аб гісторыка-археалагічных запаведніках», у якім падрабязна гаварылася аб мэтах і задачах запаведнікаў, аб вызначэнні граніц, умовах карыстання помнікамі, аб археалагічных даследаваннях і аб гаспадарча-фінансавай дзейнасці запаведнікаў. 20 лістапада 1968 г. Полацкі гарадскі савет дэпутатаў прыняў Пастанову (№ 225) аб ахоўнай зоне вакол Сафійскага сабора. Віцебскім абласным саветам дэпутатаў ахоўная зона была зацверджана 17 кастрычніка 1969 г. (№ 16/8) і склала 31,3 га. Згодна з Палажэннем аб гісторыка-археалагічных запаведніках, такім ахоўным зонам надаваўся статус філіяла пры мясцовым краязнаўчым музеі. Так з’явіўся Полацкі гісторыка-археалагічны запаведнік — філіял краязнаўчага музея, які ў сваю чаргу быў філіялам Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Так, пачынаючы з 1967 г., сталі складвацца ўмовы не толькі для даследавання, як раней, але і для рэстаўрацыі і музеефікацыі помнікаў архітэктуры і археалогіі Полацка.

 

 

Першым на чарзе быў вядомы помнік архітэктуры — Сафійскі сабор. Яго рэстаўрацыя пачалася ў 1969 г. (паводле п. 10 Пастановы ЦК КПБ і СМ БССР ад 19.09.1967 г. (№ 318) «Аб стане і мерах паляпшэння аховы помнікаў гісторыі, мастацтва і архітэктуры» Міністэрству культуры БССР і Віцебскаму абкаму КПБ даручалася ўнесці ў СМ БССР прапановы па рэстаўрацыі Сафійскага сабора), а ў снежні 1975 г., у выніку даследавання, былі выпрацаваны прапановы па кансервацыі і музеефікацыі помніка, аўтарамі якіх сталі вядомыя археолагі П. А. Рапапорт і Вал. А. Булкін. У сваіх прапановах па кансервацыі і музеефікацыі старажытных частак Сафійскага сабора археолагі раілі ўключыць рэшткі сабора сярэдзіны XI ст. у музейную экспазіцыю ў якасці экспанатаў. На іх думку, гэта магло б выклікаць інтарэс для наведвальнікаў. Падчас стварэння музея ў Сафійскім саборы гэтыя прапановы былі ўлічаны. Фрагменты падмуркаў, слупоў, старажытнай муроўкі сцен сталі часткай экспазіцыі. Яны экспануюцца ў ніжняй зале музея як артэфакты першай каменнай пабудовы на тэрыторыі Полацка. Прапанаваны варыянт быў прыняты экспазіцыянерамі і ўдала ўключаны ў аснову тэматыка-экспазіцыйнага плана стварэння музея. Сёння акрамя названых фрагментаў у экспазіцыйным поясе можна бачыць яшчэ і знаходкі, зробленыя падчас даследавання Сафійскага сабора і пляцоўкі вакол яго (пліткі падлогі XI ст., фрагменты фрэскавага роспісу, рэчы з пахавання XVI ст., віслую пячатку кіеўскага князя Усевалада (Андрэя) XI ст., вапнавы камень з імёнамі сведкаў будаўніцтва сабора ў XI ст., самыя цікавыя фрагменты плінфы са знакамі і надпісамі).

 

 

Нельга абмінуць увагай спробу стварэння ў Сафійскім саборы рэспубліканскага музея атэізму. Загад МК БССР (№ 188) ад 4 снежня 1973 г. паведамляў аб адкрыцці ў Полацку ў адпаведнасці з пастановай Бюро ЦК КПБ ад 23 кастрычніка 1973 г. Рэспубліканскага музея атэізму. Розным аддзелам і ўпраўленням Міністэрства культуры і абласных выканаўчых камітэтаў даручалася выпрацаваць прапановы па структуры, штатах і аўтарскім складзе калектыву для распрацоўкі генеральнага рашэння і афармлення экспазіцыі. Упраўленню па справах мастацтваў да 1 ліпеня 1974 г. трэба было падаць прапановы аб магчымасці выкарыстання Сафійскага сабора ў якасці канцэртнай залы. Рэспубліканскім музеям было загадана скласці спісы музейных прадметаў, з якіх можна было б зрабіць копіі і муляжы для экспанавання ў музеі атэізму. Планаваліся стажыроўкі ў вядучых музеях СССР па атэістычным профілі. Быў зацверджаны склад камісіі па стварэнні Рэспубліканскага музея атэізму. Але ніводны з пунктаў загаду не быў выкананы. Людзі, якія ўвайшлі ў склад камісіі, былі заняты сваімі праблемамі, бо працавалі ў рэспубліканскіх музеях ці ва ўстановах культуры абласнога і рэспубліканскага кшталту, далёка ад Полацка. Відавочна, што згаданая пастанова ўтрымлівала толькі агульныя тэзісы,ускладаючы адказнасць за стварэнне музея атэізму на ўжо існуючыя рэспубліканскія музеі (Дзяржаўны музей БССР і Мастацкі музей БССР). Хутка з’явілася прапанова аб пераносе музея атэізму ў горад больш значны ў адміністрацыйным сэнсе, чым Полацк. Так, пачынаючы з другой паловы 1975 г., да чэрвеня 1977 г. калектыў музея (Герман Васільевіч Чарноў — дырэктар, бухгалтар і навуковы супрацоўнік Ніна Ляшчонак) чакаў пераводу музея з Полацка ў Гародню. Побач з тымі, хто спрабаваў стварыць музей атэізму, на другім паверсе Сафійскага сабора працаваў штат гісторыка-археалагічнага запаведніка, які ўзначальваў Іван Антонавіч Мацюшкін, чалавек апантаны, адданы справе стварэння запаведніка.

Ужо ў тыя часы запаведнік меў шмат абразоў, драўляных скульптур, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Нязменнай памочніцай дырэктара па фондавай і навуковай рабоце была Жанна Сляпцова. Супрацоўнікі запаведніка нястомна працавалі над вывучэннем калекцый і падрыхтоўкай новай экспазіцыі ў Сафійскім саборы, рэстаўрацыя якога падыходзіла да завяршэння. Але, нягледзячы на хуткую працу рэстаўратараў, у 1980 г. з’явілася Пастанова СМ БССР ад 10 ліпеня 1980 г. (№ 255) «Аб мерах па паляпшэнню аховы, рэстаўрацыі і выкарыстанню помнікаў гісторыі і культуры ў Беларускай ССР», дзе канстатаваўся факт завяршэння стварэння музейнай экспазіцыі і канцэртнай залы ў Сафійскім саборы, але падкрэслівалася дрэнная праца па захаванню і рэгенерацыі забудовы старажытных гарадоў, у тым ліку і Полацка. Названая пастанова раіла разгледзець пытанне «комплекснай забудовы гісторыка-культурнага запаведніка ў горадзе Полацку» і прыняць меры па забеспячэнню якаснага будаўніцтва ў ахоўнай зоне ў адзіным архітэктурна-мастацкім выкананні, а таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю, прымыкаючуюда гісторыка-культурнага запаведніка.

Самастойным музейным аб’яднаннем і эксперыментальнай музеялагічнай пляцоўкай Полацкі музей-запаведнік стаў у жніўні 1985 г. У выніку тэарэтычных распрацовак стала відавочным, што шляхам музеефікацыі (галоўнай прыкметай якой з’яўляецца складанне музейных умоў на месцы існавання помніка) і ўключэння ў яе арбіту культурна-гістарычнага і ландшафтнага асяроддзя можна стварыць комплекс музеяў, звязаных адной ідэяй ці канцэпцыяй.
У 1990 г. была прынята пастанова Савета Міністраў БССР № 158 «Аб Полацкім гісторыка-культурным запаведніку» і зацверджана палажэнне «Аб Полацкім гісторыка-культурным запаведніку рэспубліканскага значэння». Яно складалася з чатырох частак: агульныя палажэнні, мэты і задачы, рэжым утрымання запаведніка і зон яго аховы, адказнасць за парушэнне заканадаўства аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры. У палажэнні былі пералічаны асобныя помнікі і комплексы помнікаў на тэрыторыі горада Полацка, якія ўключаны ў склад запаведніка і прызнаны маючымі навуковую, гістарычную, мастацкую і іншую культурную каштоўнасць. Палажэннем фіксавалася наяўнасць ахоўнай зоны запаведніка, зоны рэгулюемай забудовы і зоны ахоўваемага прыроднага ландшафту.

Змены ў сацыяльна-палітычным жыцці нашай краіны на працягу 1990-х гг. вымусілі ўнесці значныя карэкціроўкі ў існуючае рэспубліканскае заканадаўства ў галіне аховы спадчыны. Былі прыняты тры законы, якія павінны былі падняць справу комплекснай аховы спадчыны на Беларусі на новы ўзровень (Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» 13 лістапада 1992 г., Закон Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» 20 кастрычніка 1994 г., Закон «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» 5 верасня 1996 г.). Нягледзячы на з’яўленне пэўных крокаў у фарміраванні падмурка комплекснага падыходу да аховы спадчыны, названыя дакументы не ўжывалі такія неабходныя для захавання спадчыны тэрміны, як «гісторыка-культурны музей-запаведнік», «унікальная гістарычная тэрыторыя», «тэрыторыя музея-запаведніка» і, адпаведна, не рэгламентавалі іх дзейнасць. Толькі ў Законе «Аб музеях» была зроблена спроба даць тлумачэнне паняцця «гісторыка-культурны музей-запаведнік». На сённяшні дзень дзейнасць музеяў-запаведнікаў рэгламентуецца 13-цю пунктамі артыкула 166 «Музеі-запаведнікі. Музеі пад адкрытым небам» Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

 

 

Функцыянальная мадэль музея-запаведніка. Тым не менш, у музейным праектаванні 1980—1990 гг. вядучым стаў эксперыментальны напрамак, а ідэя музейнага аб’яднання на прынцыпах фарміравання цэнтралізаванай сістэмы музеяў розных тыпаў атрымала тэарэтычнае і практычнае абгрунтаванне ў межах Полацкага запаведніка. У 1992 г. Полацкім гарадскім выканаўчым камітэтам быў зацверджаны перспектыўны план музеефікацыі горада, разлічаны на перыяд да 2000 г. Далёка не ўсе пункты гэтага плана здзейсніліся. Новыя эканамічныя ўмовы, якія склаліся падчас перабудовы, унеслі свае карэктывы ў тэрміны заканчэння рэстаўрацыі амаль усіх помнікаў архітэктуры. За гэты час змяніліся і погляды на прыярытэты ў музейнай справе, з’явілася цікавасць да інтэграваных экспазіцый і новых тэхналогій. Акрамя гэтага, былі зроблены карэкціроўкі ў плане рэгенерацыі цэнтральнай часткі старажытнага Полацка.
Традыцыі, якія былі характэрнымі для музейнага будаўніцтва ў Полацку, атрымалі якаснае праламленне ў бытаванні разнастайных тыпаў і відаў музеяў: ад музеяў навучальных устаноў (езуіцкага калегіума, піярскага вучылішча, кадэцкага корпуса) да вузкапрофільных музеяў у складзе запаведніка:

• Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора (з 1987 г.)
• Краязнаўчы музей (новая экспазіцыя існуе з 1986 г.)
• Музей беларускага кнігадрукавання (1990 г.)
• Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага (1994 г.)
• Музей баявой славы (1985 г.)
• Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Мар-
чанка (1987 г.)
• Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я (1998 г.)
• Стацыянарная выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» (1998 г.)
• Мастацкая галерэя (2002 г.)
• Дзіцячы музей (2004 г.)
• Прыродна-экалагічны музей (2005 г.)

 

Национальный Полоцкий историко-культурный музей-заповедник

 

Як паказвае аб’ектыўны аналіз гістарычнага развіцця полацкіх музеяў, яны маюць тэндэнцыю да паскоранага развіцця. Сапраўды, калі ад моманту назапашвання першых калекцый і кнігазбораў пры Сафійскім саборы і манастырах да стварэння першага сапраўднага музея пры езуіцкім калегіуме прайшло каля сямі стагоддзяў, а ад музея калегіума — акадэміі — кадэцкага корпуса да першага гарадскога цывільнага музея — каля стагоддзя, то ад моманту заснавання Полацкага музея-запаведніка да існуючых сёння 11 музеяў — усяго 50 гадоў.

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік у сваёй структуры ўтрымлівае 11 музеяў і 65 аб’ектаў, унесеных у Дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, што патрабуе ад яго правядзення шматаспектнай дзейнасці: навукова-даследчай, навукова-фондавай, захавальніцкай, адукацыйнай, выхаваўчай, інфармацыйнай, рэстаўрацыйнай, выставачнай, эканамічна-фінансавай, міжнароднай, культуратворчай, рэпрэзентатыўнай.
У Полацку працягваецца працэс музейнага будаўніцтва і музеефікацыі. Ён адлюстроўвае росквіт музеялогіі як навукі і характарызуецца вылучэннем функцыянальнай мадэлі далейшага развіцця Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ў сістэме «музей — культура — грамадства» з абавязковым выкарыстаннем як традыцый, так і навуковых метадалогій і новых тэхналогій. Традыцыі, якія былі характэрнымі для кожнага з перыядаў музейнага будаўніцтва ў Полацку, атрымалі якаснае праламленне ў функцыянальнай мадэлі перспектыўнага развіцця Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Полацк, насычаны помнікамі архітэктуры і музеямі, захаваўшы гістарычную забудову XVIII — пачатку XX стст., здольны выканаць асноўную сацыяльную функцыю — дакументаваць культурна-гістарычнае асяроддзе — і стаць горадам-музеем. Паказальна і тое, што адбываецца не толькі выкарыстанне захаваных традыцый, але і пераход на новы якасны ўзровень асэнсавання неабходнасці музея, як найважнейшага сацыякультурнага інстытута, для самавызначэння нацыі.

Заключэнне. Але адным з асноўных складальнікаў дынамічнага развіцця музейнай справы была роля выдатных асоб. Удзельнікамі музейнага будаўніцтва ў Полацку былі людзі розных прафесій і сацыяльнага становішча. Вучоныя з еўрапейскай адукацыяй на чале з Г. Груберам стварылі Музей езуіцкага калегіума. Выкладчыкі кадэцкага корпуса прымалі актыўны ўдзел у рабоце свайго музея, вывучалі гісторыю краю, спрабавалі стварыць музей мясцовых помнікаў старасвеччыны, гурток аматараў археалогіі і «падземны музей» у Сафійскім саборы. Цікавасць да гісторыі краю сярод жыхароў Полацка заставалася традыцыйнай і досыць трывалай. Гэты перыяд музейнага будаўніцтва даў шмат імёнаў людзей, якія пакінулі надрукаваныя і рукапісныя ўспаміны пра сваё захапленне гісторыяй і ідэяй стварэння музея. Сярод іх: І. І. Даўгоў, А. К. Марэль, М. І. Зорын, А. П. Тыртаў, Я. Стаброўскі, М. Кайгародаў, В. П. Вікенцьеў і інш. Апантаныя ідэяй стварэння «ўніверсальнага музея», аматары музейнай справы П. І. Дэйніс, І. П. Дэйніс, С. М. Мялешка здолелі адкрыць у Полацку ў 1926 г. Краязнаўчы музей. Сябры Камісіі па ахове помнікаў былі бліжэй за ўсіх да сучаснага разумення музея і музейнай справы. Пад «музеем» яны разумелі не толькі будынак, але і само гарадское асяроддзе, упершыню звярнуліся да праблемы захавання помнікаў архітэктуры і іх абавязковай музеефікацыі, што мела непасрэдны ўплыў на далейшае развіццё музейнай справы і з’яўленне феномена гарадскога музея ў Полацку. На першых этапах гэта былі аматары-краязнаўцы, у апошні час — прафесіянальныя музеёлагі. Усіх іх аб’ядноўвае ідэя стварэння музейнага асяроддзя ў гарадской прасторы і ператварэння Полацка ў горад-музей. Працэсу стварэння адпаведных умоў для рэалізацыі гэтай мэты паспрыяла дзейнасць дырэктараў гарадскога, а потым абласнога (1944—1954 гг.) краязнаўчага музея і музея-запаведніка: Дзідэнка Галіны Цімафееўны (да 1936 г.), Карэлінай Веры Аляксееўны (да 18 жніўня 1937 г.), Гатыха Васіля Аляксандравіча (1947—1953 гг.), Агурка Пятра Аляксандравіча (1953—1955 гг.), Казлёнка Мікалая Міронавіча (1955—1976 гг.), Хазіна Эмануіла Міхайлавіча (1977—1985 гг.), Мацюшкіна Івана Антонавіча (дырэктара гісторыка-археалагічнага запаведніка ў 1970—1974, 1.04.1975—14.06.1976 гг.), Зайцавай Ядзвігі Афанасьеўны (14.06.1976—25.08.1981 гг.), Залілава Ігара Зуферавіча (25.08.1981—1985 гг.), Рудавай Таццяны Давыдаўны (1985—1994 гг.), Ільніцкага Мікалая Мікалаевіча (1994—2006 гг.).

Нягледзячы на складанасці ў сацыяльна-палітычным жыцці краіны на пачатку новага тысячагоддзя, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік у пэўнай ступені выступае як сімвал стабільнасці развіцця музейнай справы краіны. Абапіраючыся на многавяковую гісторыю і выконваючы сваю сацыяльную функцыю, ён далучаецца да выхавання паўнацэнных грамадзян — будаўнікоў сваёй краіны, творцаў будучыні. Ва ўмовах музеефікацыі цэлых гістарычных тэрыторый, як гэта адбываецца ў Полацку, працэс ідзе тым больш імкліва, чым больш хутка ён спрыяе далучэнню чалавека сённяшняга да спрадвечных гістарычных вартасцей свайго горада, рэгіёна, нарэшце, і краіны. Музей ужо сёння ёсць неад’емнай часткай самаідэнтыфікацыі народа, фарміравання яго самасвядомасці на падмурку спрадвечных агульначалавечых маральных каштоўнасцей і прынцыпаў.

Джумантаева, Т. А., Рудава, Т. А. Полацкаму музею-запаведніку — 50 / Т. А. Джумантаева, Т. Д. Рудава // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі : матэрыялы VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Полацк, 1—2 лістапада 2017 г.) / уклад. Т . У. Явіч.— Полацк : Полацкае кніжнае выдавецтва, 2019.— 67-76 c.